12 верасня Следчаму камітэту – тры гады. Як ён працуе знутры? Распавядае старшы следчы Юры Багушэвіч.

У жонкі Юрыя Багушэвіча бацька Барыс Жалабковіч, аператыўны работнік у адстаўцы. Таму Анастасія звыклая да начных дзяжурстваў, частай адсутнасці мужа дома. А вось 5-гадовы сын Стас ніяк не можа зразумець, дзе працуе яго тата.

– Раней, калі я насіў міліцэйскую форму, усё было зразумела. – расказвае старшы следчы. – Цяпер форма іншая, таму часам пытаецца, кім я працую. Сынам больш займаецца жонка. Цяпер ён ходзіць у школу развіцця дзяцей. Плануем аддаць у спартыўную секцыю.  Аднак і ў мяне хапае часу на яго выхаванне.

У маладзечанскім аддзяленні Следчага камітэта працуюць дзве сямейныя пары – Аляк­сандр і Кацярына Кру­коўскія. Ён − следчы ўнутраных спраў, яна – старшы следчы. А яшчэ Генадзь Козел, намеснік начальніка другога аддзялення, і Юлія Козел, якая цяпер у дэкрэтным адпачынку.

 

Не паспеў на футбол – дрэнна размеркаваў дзень

Начальства Следчага камітэта ўважліва ставіцца да псіхалагічнага і фізічнага здароўя сваіх супрацоўнікаў. Два разы на тыдзень усе ахвотныя гуляюць у футбол, хо­дзяць у басейн у Лядовы палац, у трэнажорную залу.

– Наш начальнік РАСК Пётр Варачкоў гаворыць, – усміхаецца Юры Багушэвіч, – калі ты не паспяваеш на футбол, значыць, дрэнна размеркаваў свой дзень!

Жанчыны таксама аглядаюць трупы

Цяпер у райаддзеле СК працуюць 56 чалавек. Усе спецыялісты маюць вышэйшую юрыдычную адукацыю. Па размеркаванні прыходзяць толькі з Акадэміі МУС. Маладых спецыялістаў замацоўваюць за старшымі следчымі.

Супрацоўнікі следчага камітэта.

Супрацоўнікі следчага камітэта.

– Кожны чацвер Пётр Пятровіч праводзіць сход, – расказвае Юры Багушэвіч. – На ім абмяркоўваюць праблемы, цяжкасці, пытанні, якія ўзнікаюць у маладых спецыялістаў.

У СК працуюць і жанчыны. Іх амаль палова ад усяго калектыву. І яны выязджаюць на здарэнні, аглядаюць трупы. 

Як праходзіць дзень у Следчым камітэце

Дзень Юрыя Багушэвіча, як і іншых следчых, пачынаецца з вечара. Калі трэба планаваць наступны дзень, тэлефанаваць людзям, якіх трэба выклікаць на допыт. 

У камітэце з мінулага года тры аддзяленні. Кожнае з іх мае сваю спецыфіку. Першае даследуе ДТЗ, злачынствы вялікай цяжкасці (забойствы, згвалтаванні, разбоі). Другое – сярэдняй ступені цяжкасці, напрыклад, крадзяжы. Трэцяе займаецца злачынствамі, якія невядома хто здзейсніў. 

У кожнага свая нагрузка. У следчага трэцяга аддзялення каля 20 спраў, другога аддзялення – сем-восем, першага – адна-дзве. 

Пра справу са “скакунамі”

Раскрыццё справы з пашкоджанымі 35 аўто ў Маладзечне магло зацягнуцца.

–  На машынах былі сляды крыві, – адзначае старшы следчы. – Узоры яе адправілі на экспертызу ў Мінск. Яе робяць тыдзень. Калі б генатыпы злачынцаў былі ў базе міліцыі, знайшлі б іх хутка. Але маладзёны несудзімыя, пра іх звестак у базе няма. Шукалі б хлопцаў да таго часу, пакуль у іншым злачынстве яны не “выплылі”, ці не трапілі на генатыпаскапічны ўлік.

Ні на адной з пашко­джаных машын не было відэарэгістратара. На гарадскіх камерах бачныя толькі постаці хлопцаў.

Знайшлі хуліганаў па інфармацыі міліцыянераў. Затрымалі аднаго. Той прызнаўся, даў паказанні супраць сябра.

Але прызнанняў недастаткова, каб абвінаваціць у здзейсненым:

– Прызначаныя дадатковыя экспертызы, якія будуць ісці месяц.

Даведка “РГ”. Следчы камітэт утварыўся 12 верасня 2011 года. Але пачаў сваю дзейнасць 1 студзеня 2012 года.