Сотня чалавек масоўкі ў ваеннай форме, даўнейшыя танкі, грузавікі і матацыклы. Усё гэта можна было пабачыць ля вёскі Заспарня Асіпавіцкага сельсавета.

Тут ад 1 па 4 верасня праходзілі здымкі тэлевізійнага фільма. Сцэнарый яго створаны па творы “Неапалімая купіна” пісьменніка Барыса Васільева – найбольш вядомы ён як аўтар аповесці “А зоры тут ціхія”.

Шасцісерыйны фільм – сумесны расійска-беларускі праект. Здымкі праходзяць у Расіі, Латвіі, Беларусі.

На Вілейшчыне здымалі падзеі мая 1945 года на тэрыторыі Чэхіі. Атрад нямецкіх войскаў імкнецца перабрацца праз раку і здацца амерыканцам. У выніку брод становіцца месцам сутыкнення нямецкіх і савецкіх войск.

– Чаму выбралі Вілейшчыну для здымак? – запытаў у намесніка дырэктара здымачнай групы кінавытворчага прадпрыемства “Медыяпроф продакшн” Паўла Піскунова.

– Мясцовасць ідэальна падыходзіць для здымак тых сцэн, што прапісаныя ў сцэнарыі. Прыгожы еўрапейскі ландшафт, рэчка, брод. Гэта асноўнае. Таксама вывучылі інфраструктуру горада. У Вілейцы добрая гасцініца, дзе можна пасяліць здымачную групу і артыстаў. Побач аграсядзібы, дзе таксама можна людзей рассяліць.

Для масоўкі патрэбныя былі рэканструктары

На месца прыязджала нямала людзей – паглядзець, як ідуць здымкі. Асабліва ў апошні дзень, калі былі піратэхнічныя эфекты, страляніна. Многія фатаграфаваліся ля тэхнікі. Тут былі чатыры танкі (пароўну савецкіх і нямецкіх). А таксама грузавікі, нямецкія матацыклы. У масоўцы занялі да ста чалавек. Мелі яны ля 90 адзінак зброі.

– Падобнага маштабу здымкі цяпер рэдкія з-за дарагавізны, – зазначае Павел Піскуноў.

– А ў масоўцы мясцовыя людзі ці зняліся?

– Не. Нам былі патрэбныя рэканструктары: людзі, якія маюць гістарычныя касцюмы, могуць здымацца ў вобразе байца савецкай і нямецкай арміі.

– Чым запомняцца здымкі на Вілейшчыне?

– Мяркую, для большасці членаў здымачнай групы – зручнымі ўмовамі працы і прыгожай прыродай. А для адміністрацыі – вялікай дапамогай з боку мясцовай улады, кіраўнікоў прадпрыемстваў і асобных людзей. Да каго ні звярталіся, аператыўна дапамагалі. Дзякуй за садзейнічанне і разуменне. Здымкі наведала кіраўніцтва нашай кінакампаніі. Так што, мажліва, якую-небудзь здымачную групы таксама Вілейшчына зацікавіць. Тым больш многія з тых, хто здымаўся на Украіне, зараз едуць у Беларусь.

Паглядзець, ці атрымалася з Вілейшчыны Чэхія, можна будзе праз некалькі месяцаў. Тэлефільм плануюць паказаць напрыканцы зімы ці напачатку вясны наступнага года. Пабачыць яго можна будзе ці на “Першым” тэлеканале, ці на “Расіі-1”.

Пра што кіно?

Апавяданне “Неапалімая купіна” напісанае ў 1986 годзе. У ім расказваецца пра жанчыну, лёс якой апаліла вайна. Гераіня апавядання Антаніна Іваньшына на вайне была параненая, кантужаная. Яна вяртаецца з фронту і спрабуе пачаць мірнае жыццё. І гэта ёй даецца вельмі няпроста.

У галоўнай ролі здымаецца расійская актрыса Клаўдзія Коршунава.