Ветэран і дэпутат, які абараняў сялян ад функцыянераў, распавядае, як мясцовыя ўцякалі з-за вайны, як ўлада збірала грошы з бедных, і як ён кахаў – аднойчы і ўсё жыццё.

Унікальны расповед самых значных падзей мінулага стагоддзя вачыма наўмысна забытага земляка Вітольда Марача. Гэту гісторыю пра тое, як сярод людзей застацца чалавекам, вы не прачытаеце больш нідзе.

Ушанавалі памяць у роднай вёсцы

Сёлета ў роднай вёсцы у Куцькаўскай школе вучні падрыхтавалі вусны часопіс, прысвечаны памяці земляка-ветэрана, якому споўнілася б 107 год. Мерапрыемства зладзілі з нагоды 70-гадовага юбілею з пачатку вызвалення Беларусі ад фашыстаў.

У падрыхтоўцы  вуснага часопіса прынялі ­ўдзел ­Бажэна Мінчанкова, Паліна Марчанка, Паліна Малькевіч, Лізавета Марчанка, Алеся Дрозд, Вольга Лавец і Аляксандр Свідовіч.

Але сабраць інфармацыю пра гэтага чалавека было зусім не проста. Каб прыгадаць, як мы даведаліся непаўторную гісторыю Вітольда Марача, трэба вярнуцца ў 1978 год.

На занятках, прысвечаных земляку Вітольду Марачу.

На занятках, прысвечаных земляку Вітольду Марачу.

Як шукалі нашага героя

Члены гуртка “Валошкі” Куцькаўскай школы Мядзельскага раёна ў 1978 годзе сталі збіраць звесткі пра свой рэгіён. Жыхар вёскі Камарова Генрых Марачэўскі распавёў, што па суседстве з ім жыў чалавек, які двойчы выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, але як склаўся яго лёс далей, ніхто з мясцовых не ведае.

Высветлілі, што пасля 1951 года ён ніколі ў Куцьках не быў. Мы напісалі ў архіў. З архіва прыйшло паведамленне, што Вітольд Марач быў выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР па Свірскай выбарчай акрузе №432 Маладзечанскай вобласці. І ўсё.

Потым адшукалі ў газеце ”Сталінскі шлях” Свірскага раёна за 2 лютага 1947 года яго кароткую біяграфію і партрэт. Пошукі працягваліся.

Аднойчы жыхар вёскі Куцькі Зыгмант Руды сказаў, што ў Вільні на кірмашы бачыў Марача, але не пагаварыў з ім, бо той імкліва растварыўся сярод людзей. Загадкавыя паводзіны публічнага чалавека заінтрыгавалі мяне.

Раблю запыт у адраснае бюро Вільні. Адтуль далі яго адрас. Гэта было летам 1978 года.

І вось я на кватэры ў Вітольда Іванавіча. Гаспадар спачатку быў насцярожаны, але калі я паказаў пашпарт і сказаў аб мэце візіту, то супакоіўся. Пачалася размова, якая доўжылася больш за чатыры гадзіны.

Я спісаў цэлы сшытак. Абсталяванне ягонай аднапакаёўкі было больш чым сціплае. На стале ляжаў стосік тэхнічнай літаратуры, томік Адама Міцкевіча
на польскай мове, трылогія Якуба Коласа.

Вітольд Іванавіч паказаў дэпутацкія пасведчанні. Разгортваю адно з іх, што ў белай вокладцы, і чытаю: ”Марач Вітольд Іванавіч, дэпутат Свірскага раённага Савета па Засвірскай выбарчай акрузе Свірскага раёна Вілейскай вобласці”.

На пасведчанні ў вокладцы чырвонага колеру за 24 сакавіка 1940 года ўказваецца, што Марач Вітольд Іванавіч з’яўляецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, другое такое ж пасведчанне сцвярджае, што ад 9 лютага 1947 года ён таксама дэпутат ВС БССР.

Страйкі ў Петраградзе

Вітольд Іванавіч Марач нарадзіўся 21 жніўня 1907 года ў Петраградзе, куды выехалі яго бацькі з Куцькаў у пошуках хлеба. На чатырох гектарах зямлі пражыць было немагчыма.
Бацька ўсё жыццё працаваў слесарам. Спачатку восем гадоў на заводзе ваеннага інжынера Аляксандра Цыгальскага. Заробкі ў бацькі былі нядрэнныя. Вітольд ха­дзіў у польскую школу для дзяцей каталікоў, закончыў тры класы.

У 1917 годзе ў Петраградзе пачаліся страйкі, – успамінаў Вітольд Іванавіч. – Застрайкавалі і рабочыя завода Цыгальскага. Страйкамаўцы не пускалі рабочых на завод.

А ў 1918 годзе адбылася рэвалюцыя. Гаспадар завода збег, завод зачыніўся. Знайсці працу стала складана. Харчовае забеспячэнне пагоршылася. У пошуках працы і хлеба мы выехалі на “хлебніцу” Украіну ў гарадок Новагродаўка Данецкай вобласці, потым у Царыцын. Але ўсюды былі цяжкасці з працай і харчаваннем.

У 1919 годзе маці з трыма дзецьмі: са мной, Уладзіславам і Лявонам вярнулася ў Куцькі, а бацька ўладкаваўся слесарам у Вільні на чыгуначна-ліцейны завод П.Ф. Цымермана.

У 1920 годзе ён перайшоў працаваць на чыгуначную станцыю ў Вільні. У створанай у тым жа годзе генералам Жэлігоўскім міні-дзяржаве Сярэдняя Літва эканоміка стала ажыўляцца, з’явіліся заробкі, бацька стаў нам дапамагаць.

Праз год ён пакінуў сям’ю.

Петраград ў 1917 годзе. На фота – дэманстрацыя работніц Пуцілаўскага артылерыйскага завода ў першы дзень Лютаўскай рэвалюцыі. Вітольду Марачу ў гэты час было дзевяць год.

Петраград ў 1917 годзе. На фота – дэманстрацыя работніц Пуцілаўскага артылерыйскага завода ў першы дзень Лютаўскай рэвалюцыі. Вітольду Марачу ў гэты час было дзевяць год.

Працаваў, каб здзейсніць мару і вучыцца

Каб пражыць, даводзілася ўсім цяжка працаваць. Ад 1921 года Вітольд Марач працаваў сезонным парабкам ў камароўскай пані Марыі Старжынскай, падзарабляў падзёншчыкам ў заможных сялян. Але заробкі ў чалавека без прафесіі былі нізкія. Вітольд вырашыў атрымаць прафесію каваля, таму што гэта самы запатрабаваны спецыяліст на вёсцы.

Каб здзейсніць сваю мару, ён за 40 пудоў жыта ад 1927 да 1928 года працаваў на гаспадарцы у Клюшчанах. За гэты свой заробак у Ігнацы Гутовіча з вёскі Вараб’і тры гады вучыўся на каваля.

Дарэчы, Ігнацы, Ромусь і Яхім Гутовічы былі не толькі выдатнымі кавалямі, а і адмысловымі народнымі ўмельцамі: сталярамі, механікамі, умелі рамантаваць паравікі, дынамамашыны, майстраваць скрыпкі і гармонікі.

Засвоіўшы сакрэты кавальскай справы, заняцца кавальствам не мог: не меў ні кузні, ні патрэбнага кавальскага інструменту.

Каб здабыць сродкі на адкрыццё ўласнай кузні, уладкаваўся памочнікам каваля ў вёсцы Валодзькі, а потым яшчэ два сезоны працаваў на ўкладцы брукаванкі Віль­ня–Полацк. Шчапаў каменне, рабіў “бабышкі” спецыяльным молатам. Гэты молат ён гартаваў сам, каб інструмент быў цвёрды, але не крышыўся.

Яго ўмельства заўважыў прараб, павысіў заробак і прызначыў на спецработу – гартаваць малаткі для рабочых-укладчыкаў.

У 1936 годзе Вітольд адкрыў сваю кузню. З усяго наваколля з’язджаліся да яго кліенты, бо ўсё рабіў якасна і за памяркоўную плату. З’явіліся грошы. Дакупіў больш інструменту і нават купіў ровар.

Праз год кузня згарэла. Пра яго ўмельства ўжо было вядома ў наваколлі. Таму 5 мая 1937 года дырэктар фабрыкі “Альхоўка” запрасіў Марача да сябе працаваць кавалём і слесарам

Сусед капаў у агародзе бункер

У 1939 годзе фабрыку “Альхоўка” стала ліхаманіць. Каб выправіць сваё фінансавае становішча, гаспадар перастаў выдаваць рабочым трэць заробку наяўнымі, а стаў запісваць на вэксаль – як пазыку.

1 верасня пачалася нямецка-польская вайна, маладых мужчын-кармільцаў мабілізавалі ў войска, цэны ў крамах падскочылі. Над рабочымі фабрыкі навісла пагроза голаду, і яны аб’явілі страйк, патрабуючы выдаць запазычанасць за шэсць месяцаў. Адміністрацыя адмовілася. Член страйкама Вітольд Марач пра гэты час так успамінаў:

16 верасня выклікаў упраўляючы мяне ў кантору і стаў патрабаваць спынення страйку. “Ва ўмовах, калі дзеці і старыя галадаюць, ніхто на работу не выйдзе. Аддайце запазычанасць – пойдзем працаваць”, – сказаў я. Упраўляючы тут жа загадам вызваліў мяне ад працы і напісаў дакладную, каб аддаць пад суд па законах ваеннага часу як падбухторшчыка, які сваімі дзеяннямі падрывае моц польскай дзяржавы.

Я вярнуўся ў сваю вёску Куцькі. Абстаноўка трывожная. Суседзі Міхал і Франц Рудзікі капаюць у сваім агародзе для сховы яму-бункер… Пад вечар над Полацкім трактам праляцеў савецкі самалёт, а назаў­тра ў бок Вільні рухаліся шыхты чырвонаармейцаў.

Паехаў паглядзець, што робіцца ў Альхоўцы. Там збіраўся сход рабочых, каб выбраць часовы рабочы камітэт для кантролю за работай фабрыкі. У створаным рабочым камітэце старшынёй выбралі мяне, а памочнікам Мядзвецкага. Ён быў пісьменным чалавекам, у свой час служыў у арміі Калчака афіцэрам, а цяпер працаваў  качагарам на фабрыцы.

Мяне ўразіла, што грозны ўпраўляючы стаў размаўляць з рабочымі з павагай і па-беларуску. На пасяджэнні камітэта вырашылі ехаць ў Вільню ў часовае ваяводскае ўпраўленне да ­А. А. Жыляніна, каб атрымаць грашовую запазычанасць. Паездка была памыснай (удалай – рэд.) – прыехаў касір і ўсім рабочым выплаціў грошы.

Узброіліся, каб бараніць гаспадарку

Вечарам зноў сход. Грошы ёсць, але ў крамах не стала тавараў, перастаў дзейнічаць і Міхалішскі кірмаш. Дэлегацыя ад рабочых адправілася ў Міхалішкі ў нанова створаны камітэт, старшынёй якога быў вызвалены з польскай турмы палітвязень (прозвішча не памятаю).

Нам выдалі даведку, якая абавязвала адміністрацыю фальварка Альхоўкі  прадаць нам па даваеннай цане мяса і збожжа на хлеб. Пытанне з харчамі вырашылі. Фабрыка запрацавала.

Мы баяліся дыверсій з боку асадніцкіх бандаў, таму стварылі ўзброены атрад па ахове гаспадаркі і рабочага пасёлка. Потым загадам па Міністэрстве БССР мяне назначылі дырэктарам кардоннай фабрыкі ”Альхоўка”. На гэтай пасадзе прабыў да канца 1940 года, пакуль не прыслалі спецыяліста з Мінска.

У верасні 1939 года Свіршчына ўвайшла ў састаў БССР. 24 сакавіка 1940 года правялі дадатковыя выбары ў Вярхоўны Савет БССР 1-га склікання. Сярод 201 дэпутата быў выбраны і Вітольд Марач. Для раённай струк­туры кіравання не хапала кадраў і Вітольда Іванавіча ўзялі ў апарат Свірскага райвыканкама загадчыкам аддзела сацзабеспячэння.

Як уцякалі з-за вайны

Калі стала вядома ў Свіры аб пачатку вайны, то ўсе ўстановы і прадпрыемствы зачыніліся, пачалася спешная эвакуацыя, толькі працавала мабілізацыйная камісія Свірскага райваенкамата, членам якой быў і Вітольд Марач.

Раптам у мястэчку пачаўся незвычайны рух, – успамінаў Вітольд Іванавіч. – Мы выскачылі з кабінета. На матацыкле мчаўся пракурор раёна. “У чым справа?” − пытаемся. − “Хутчэй уцякайце. З боку Вішнева ў Свір уступае нямецкі дэсант”.

Я выехаў на ровары са Свіра. Тут жа ехала падвода з работнікамі райсельгасаддзела, поў­ны воз. Медыцынская сястра просіць, каб узялі яе, але месца на падводзе не хапала. Яна стала прасіцца да мяне на ровар. “Гэта ж немагчыма, не прагулка”, – патлумачыў ёй. Са слязьмі пайшла дзяўчына пешшу.

Міма нас на вялікай хуткасці прамчалася палутарка з работнікамі райваенкамата. Праз канец вёскі Лушчыкі вакольнымі дарогамі, каб не ехаць Полацкім гасцінцам, заехаў ў Паставы. Там нікога з кіраўніцтва не сустрэў, установы ўжо пакінулі. Працягваў на ровары шлях на Полацк. Перад Полацкам – застава, ля акопа – аўтамашына.

Хлеб уратаваў ад бамбёжкі

Чырвонаармейцы праверылі дакументы, забралі асабістую зброю і накіравалі ў клуб. Ён быў напоўнены бежанцамі. Тут я стаў на ваенны ўлік. Каб атрымаць хлебны паёк, мяне прыпісалі да пякарні, якая была ў чатырох кіламетрах. Ноччу паехаў за хлебам, а ў гэты час адбыўся паветраны налёт на Полацк. Нямецкія самалёты сталі бамбіць горад.

Усе, хто застаўся жывы, накіраваліся ў Віцебск. Абстаноўка на шляху была мірная, хаты цэлыя. Спыніліся ў манастыры. Я пачаў шукаць прадстаўнікоў камандавання. Нікога з полацкага ваеннага ведамства не знайшоў. Сказалі, што старшыня Віцебскага аблвыканкама і сакратар гаркама КП(б) Б. П. Іваноў збіраюць апалчэнне. Тут ішло размеркаванне: некаторых накіроўвалі ў тыл у партызаны, а мяне запісалі ў батальён абароны Віцебска, далі вінтоўку. У дварах дамоў сталі рабіць бамбасховішчы, рабіць самаробныя сродкі абароны: бутэлькі з газай і бензінам.

Прыйшла вестка, што немцы пайшлі ў абход Віцебска. Я пакінуў тут свой ровар, перасеў на грузавы аўтамабіль. Пераехалі мост праз Віцьбу і спыніліся ў лесе. Віцебск гарэў. У лесе арганізаваліся ў супрацьдэсантны батальён, акружылі нямецкіх дэсантнікаў, пайшлі ў атаку, але поспеху не мелі – у ворага было некалькі пушак.

У акружэнні пухлі з голаду

Потым разбіліся на групы і пайшлі да Смаленска ў дамоўленае месца збору. Смаленскі гарваенкамат 14 ліпеня 1941 года афіцыйна мабілізаваў мяне ў дзеючую Чырвоную Армію, прызначыў у 837 аддзяленне байцом спецвойскаў – сапёрам.

Жылі ў бамбасховішчы, працавалі па эвакуацыі заводскага абсталявання, на лёне, электрастанцыі. Праз дзень паступіла каманда пакінуць Смаленск. Узялі цукар і падаліся на Юр’еў Польскі. Там нас расфарміравалі, стварылі сапёрны батальён і адправілі на Старую Русу будаваць у лесе ўмацаванні: доты і дзоты.

Тут мы аказаліся акружаныя немцамі. Спынілася дастаўка харчавання. Елі каліну, сасновыя пупышкі, сталі пухнуць ад голаду. Вырвацца з акружэння з боем у нас не было боепрыпасаў. Вырашылі разгрупавацца і па некалькі чалавек прабіцца праз нямецкую лінію фронту. Так прарваліся да Мажайска. 8 сакавіка 1942 года перавялі мяне ў 102 атрад маставіком-пантанёрам, дзе служыў у 6-м мотапантонным палку пантанёраў.

Як абхітрылі немцаў

Потым ваяваў Вітольд Іванавіч пад Сталінградам, Данецкам, на Доне, Дняпры, на Севашы, у Малдовіі, Югаславіі, Албаніі, Вене.

Пры будаўніцтве перапраў праз рэкі ішлі на ваенную хітрасць: на бойкіх пад’ездах будавалі тры абманныя пераправы, а чацвертую, сапраўдную, – у непрыкметным месцы.

Немцы бамбілі часцей за ўсё бутафорскія пераправы, а нашы войскі паспяхова карысталіся сапраўднымі.

У горадзе Ісакшы (Румынія) пачуў пра капітуляцыю Берліна. Але вайна для Вітольда Марача не скончылася.

Ваяваў пасля 9 мая

20 мая 1945 года войска і тэхніку ваеннай часці, у якой служыў Вітольд Марач, павярнулі на Далёкі Усход. Праехалі Байкал, спыніліся ва Усурыйску.

9 жніўня Чырвоная Армія пачала ваенныя дзеянні супраць Японіі. У гэты ж дзень амерыканцы нанеслі атамны ўдар па японскім горадзе Нагасакі. Японцы ўпарта супраціўляліся, толькі 2 верасня Японія капітулявала.

Меў дзве падзякі ад ваеннага камандавання, ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, уганараваны медалямі “За абарону Сталінграда”, “За вызваленне Белграда”, “За ўзяцце Вены”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг”, “За перамогу над Японіяй” і шматлікімі юбілейнымі медалямі.

Дэпутат Вярхоўнага савета БССР Вітольд Марач.

Дэпутат Вярхоўнага савета БССР Вітольд Марач.

За дэпутацкую зарплату дапамог бальніцы

Дэмабілізаваўся я праз Лынтупы. Пешшу дайшоў да роднай вёскі  Куцькі. Яны спаленыя, у тым ліку і наша хата. Накіраваўся да брата ў Свір, які працаваў інспектарам па дзярждаходах. Ён не меў кватэры, жыў у кабінеце і спаў у адзенні. Разам пераначавалі. Назаўтра стаў на ваенны ўлік у  Свірскім райваенкамаце, потым пайшоў у райвыканкам.
Калі сказаў, што да вайны працаваў загадчыкам райсабеса, то ў выніку мяне прызначылі на тую ж даваенную пасаду – загадчыкам райсабеса.

За перыяд дэпутацтва Вітольду Марачу выплацілі дэпутацкую зарплату. Ён усё аддаў Свірскай бальніцы на медінструменты і лекі, хаця сам не меў касцюма і хадзіў на працу ў салдацкай форме.

Так агітаваў у калгасы, што выклікалі ў КДБ

Прызначаюць выбары ў Вярхоўны Савет БССР 2-га склікання, пачына­ец­­ца перадвыбарная кам­панія. Свірская раённая газета ”Сталінскі шлях” ад 9 студзеня 1947 года пісала:

Сяляне вёсак Канстанцінава, Сырмеж і Сыраватак Свірскага раёна вылучылі таварыша Марача кандыдатам у дэпутаты ВС БССР па Свірскай выбарчай акрузе №288”.

Вітольд Марач вызначаўся справядлівасцю, спагадлівасцю, дапамагаў выбаршчыкам, заступаўся за іх. Загартаваны вайной, народны абраннік абараняў сялян ад самавольства кіруючых функцыянераў, чым кранаў самалюбства мясцовай улады і нажыў сабе ворагаў.

Пачалася калектывізацыя. Сялян добраахвотна-прымусова запісвалі ў калгасы. Яны супраціўляліся, канфліктавалі з уладамі, упаўнаважанымі.

Мне было вядома, што Марач стварыў у Свірскім раёне два калгасы без канфлікту. Як так атрымалася?

Як мясцоваму, людзі мне верылі, – адказаў Вітольд Іванавіч. – Я не хлусіў, не расхвальваў жыццё ў калгасах, бо пра калгасы ўсе добра ведалі без мяне.

А вось уступаць у калгас раіў, казаў, раз улады наважылі, то свайго даб’юцца любым спосабам, толькі абдзяруць як ліпку, а то і ў Сібір адправяць.

Мае довады пераконвалі сялян, і яны з болем у сэрцы падавалі заявы. Такая своеасаблівая “агітацыя” за калгасы стала вядомай у раёне, меў размову з работнікам КДБ.

Абараніў ўдаву франтавіка ад функцыянера

У многія сем’і з вайны не вярнуліся мужчыны, але раённыя функцыянеры размяркоўвалі розныя павіннасці: нормы вывазкі камянёў, лесу, дзяржпастаўкі хлеба і мяса “ад зямлі”. Не ўсе маглі з імі справіцца. Дзяржаўную пазыку начальства размяркоўвала па дамах, дзялілі план на вёску пароўну на ўсіх, не ўлічваючы магчымасцей. У дапамогу збіраць грошы па пазыцы прыслалі з вобласці ў раён прадстаўніка.

Вось мы паехалі ў вёску Каракулічы, дзе найбольш было нядоімшчыкаў. Некаторыя тут жа разлічыліся ці паабяцалі хутка разлічыцца. Завіталі да ўдавы, муж якой загінуў на фронце, а яна адна гадавала траіх дзяцей. Плаціць пазыку яна катэгарычна адмовілася: ”Мне самой, каб хто пазычыў, бо не маю за што падымаць дзяцей, а вы пазыку”…

Гэта раззлавала абласнога начальніка. Ён вывеў з хлява ўдавы апошнюю карову, каб прадаць на кірмашы і заплаціць пазыку. Выбеглі дзеці, сталі галасіць. “Масква слязам не верыць”, – прамармытаў начальнік. Тут я не вытрымаў, выхапіў вяроўку з рук упаўнаважанага і аддаў хлопчыку сялянкі.

“Ты мяне папомніш, дэпутацік”, – сказаў на развітанне прадстаўнік. Зразумела, чаму план па пазыцы завалілі.

Не ўцякаў ад сялян

Вобласць хацела выбіцца ў перадавікі па выкананні плана спагнання дзяржпазыкі. Накіравалі ўпаўнаважанага з двума ўзброенымі ахоўнікамі. Паехалі ў Вішнева.

Што гэты ўпаўнаважаны толькі не вытвараў! І з пісталетам кідаўся на сялян, біў у твар, пагражаў турмой, страшыў ссылкай у Сібір. Сёе-тое выбіў. Я зрабіў яму заўвагу, што прадстаўнікам савецкай ўлады так рабіць у адносінах да маіх выбаршчыкаў нягожа.

Ужо прыцемкам вярталіся ў раён. Я і салдаты злезлі з воза, каб каню было лягчэй. Насустрач ішлі людзі. Упаўнаважаны мігам развярнуў каня і галопам памчаў назад, разам з вінтоў­камі канваіраў, пакінуўшы нас. Салдаты пабеглі таксама. Гэта былі сяляне, якія супрацьдзейнічалі калектывізацыі, і, магчыма, мелі зброю.

Я не ўцякаў, бо за сабой перад людзьмі не адчуваў віны, а па-другое, мяне забіць у любы момант было не цяжка.

У засценку якраз было вяселле, гаспадар запрасіў мяне на вячэру, пакінуў пераначаваць, а назаўтра паабяцаў адвезці ў Свір. Прыехаў ў Свір ў абед, а ўпаўнаважаны паспеў пусціць пагалоску, што Марача забілі бандыты. У вобласці зрабіў на мяне данос, што трымаю з бандытамі сувязь. Прыйшлося тлумачыць у КДБ. Мяне не арыштавалі, але ў чорны спіс трапіў.

Стаў асабістым ворагам пракурора

Узгадаў суразмоўца і яшчэ адну гісторыю:

У Свір прыехаў новы пракурор, які крыху кульгаў, бо п’яны ўпаў з каня і пашкодзіў нагу. Ён сабраў фіктыўныя дакументы і падаў на камісію, каб вызначыла як ветэрану вайны інваліднасць 2-й групы. Раённая камісія (як-ніяк пракурор) прагаласавала “за”, адзін я быў супраць. Справу перадаў на перагляд у абласны аддзел. Пракурора інвалідам вайны не прызналі. За гэта той называў асабістым ворагам.

Ішоў да канца тэрмін дэпутацтва. 23 снежня 1950 года старшыня райвыканкама тэрмінова выклікаў Вітольда Марача ў кабінет і загадаў здаць аддзел.

Звольнілі і не прапанавалі іншай работы. Меркаваў уладкавацца ў Дзяржынск. Было вакантнае месца, але адмовілі і па-сяброўску папярэдзілі, што ён на дрэнным уліку ва ўладаў і што ў Беларусі работы не знойдзе.

 Былі часы сталінізму. Вітольд Марач адчуў, што над ім згушчаюцца хмары. Нікому нічога не гаворачы, 22 мая 1951 года з’ехаў ў Вільню.

Не змог забыць каханую, якую забілі фашысты

Адзіная жанчына, якую кахаў Вітольд Марач − Рыўка Шаевіч, стаіць у цэнтры ў другім радзе. Яна загінула ад рук фашыстаў.

Адзіная жанчына, якую кахаў Вітольд Марач − Рыўка Шаевіч, стаіць у цэнтры ў другім радзе. Яна загінула ад рук фашыстаў.

Я не добраахвотна, не за доўгім рублём выехаў у Вільню, а вымушана. Лічу гэта выгнаннем, – разважаў Марач.

У Вільні ўладкаваўся працаваць на абутковае аб’яднанне імя Эстукявічуса слесарам. Там прапрацаваў каля 30 гадоў. Павысіў кваліфікацыю з 4-га да 6-га разраду, унёс 10 рацыяналізатарскіх прапаноў, атрымоўваў падзякі, прэміі і падарункі, мае медаль “Ветэран працы”. У 71 год выйшаў на пенсію.

– Вы ж, бачу, жывяце адзін.

Так, адзін, бо адналюб. Да вайны сябраваў з яўрэйкай Рыўкай Шаевіч, якая настаўнічала ў Свірскай школе. Хаця яўрэі не адабралі сяброўства з гоямі, але для мяне рабілі выключэнне. На развітанне яна падарыла хусцінку. Я насіў яе як талісман у кішэні гімнасцёркі ля сэрца. Хусцінка Рыўкі зберагла мяне ад куль і асколкаў. Сама Рыўка загінула ад рук фашыстаў. Забыць яе не змог.

Дастаў з шафы хусцінку – памяць адзінага ў сваім жыцці кахання.

Прасіць нічога не буду

– Ці хочаце вы ў Куцькі? – запытаў я.

Хочацца, але не паеду. Столькі дабра зрабіў людзям на Свіршчыне. Калі функцыянеры Свірскага райвыканкама рашылі зняць з пасады, ніхто з дэпутатаў не падтрымаў мяне. Дзякуй суседзям-літоў­цам, яны далі мне працу, жыллё, пенсію.

– Можа, звернецеся ў Вярхоўны Савет, каб далі пуцёўку адпачыць, палячыцца?

− Дзякуй за добрае слова, але прасіць нічога не буду. Я не ўпісаўся ў сістэму. Я ёй чужы.

Ніякавата робіцца, што ветэрану вайны, двойчы дэпутату ВС БССР, які жыў па прынцыпе ўлада для народа, давялося дажываць не на Радзіме. Нашчадкам застаецца ганарыцца, што Свіршчына ўзгадавала такога годнага чалавека.