Першае месца на конкурсе кандытараў “Урачыстасць стылю і густу”, які прайшоў на выставе “Хлебная і кандытарская справа-2014” у Мінску, атрымала навучэнка з Маладзечна Кацярына Карпіновіч.  

Кацярыне 16 гадоў, яна вучыцца на другім курсе Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа. Прапанавала ёй паў­дзельнічаць у выставе загадчыца аддзялення грамадскага харчавання Святлана Сакольская.

Святлана Альбертаўна, ведаючы, якая ў Кацярыны фантазія і вялізнае жаданне ствараць нешта новае, проста не магла дазволіць, каб у юбілейнай выставе яе таленавітая выхаванка была проста глядачкай.

Працу дзяўчыны назвалі “Калекцыя пачуццяў”. Гэта маскі з пернікавага, заварнога, цёртага і венскага цеста, якія адлюстроўваюць чалавечыя эмоцыі. Тут і радасць, і смутак, і зайздрасць. Калекцыю пачуццяў дапоўнілі і шчырыя чалавечыя пачуцці, якія не схаваеш ні за адной маскай. У кампазіцыі з’явіўся капусны лісток, у якім ляжыць дзіцятка. Гэта шчасце. Затым дадалося і разбітае сэрца. Гэта боль ад нераздзеленага кахання.

Працу на конкурс Кацярына рыхтавала доў­га. Спачатку эскізы з’явіліся на паперы. Аднак у цесце ніяк не атрымоўвалася зрабіць задуманае. Але спробы, парады кіраўніка і ўпартасць далі свой вынік.

– Самае цудоўнае ў рабоце кандытара, – жар­туе Кацярына, – што няўдалыя спробы можна з’есці.

Усе працы на выставе былі цалкам прыдатныя для ежы. Але ці дазволіць сумленне адкусіць кусок ад торта ў выгля­дзе вясельнай сукенкі, які зроблены ў маштабе адзін да аднаго?

Кацярына прызнаецца, што гатаваць прысмакі для ўсёй сям’і даўно ўваходзіць у яе абавязкі.

– На кожнае свята імкнуся здзівіць сваіх дамашніх ці новым печывам, ці тортам. Пакуль атрымоўваецца. Мае кулінарныя шэдэўры знікаюць з талерак першымі.

Што датычыцца далейшага ўдзелу ў конкурсах, то яны абавязкова будуць. У Каці і яе кіраўніцы ўжо ёсць новая ідэя, але агучваць яны яе адмовіліся, каб канкурэнты не скарысталіся. Але што гэта будзе смачна і прыгожа – сумневаў няма.