Як вызначыць, што у вас у сям’і расце вундэркінд? Якое дзіця можна лічыць вундэркіндам? І як бацькам паводзіць сябе з дзіва-дзіцем паспрабуем адказаць у гэтым артыкуле.

Усе дзеці таленавітыя – гэта ні для каго не сакрэт. Але вось калі дзіця, яшчэ нават не ходзячы ў школу, праяўляе выключныя здольнасці, напрыклад, у матэматыцы ці музыцы, або дэманструе проста энцыклапедычныя веды? Тады ў асяроддзі гэтага дзіцяці пачынаюць ўсё часцей гучаць словы: геній, вундэркінд, адоранае дзіця, або дзіця-індыга.

Што ж гэта за дзеці такія, задалі мы пытанне настаўніку-лагапеду “Дзі­цячага цэнтра ранняга развіцця” Людміле Івановай:

– Па-першае, я лічу,  што слова вундэркінд надуманае. Прынята лічыць, што вундэркінды абыходзяць у інтэлектуальным развіцці сваіх аднагодкаў. Але гэта не так.

Ва ўсіх адораных дзяцей толькі 10% божага пацалунка, а астатнія 90% – гэта працавітасць, у тым ліку і працавітасць бацькоў у выхаванні свайго дзіцяці.

– Як зразумець, што ў сям’і расце дзіця з незвычайнымі здольнасцямі?

– А тут і разумець нічога не трэба. Вы адразу заўважыце, да чаго дзіця праяўляе цікавасць. Толькі накіроўвайце і не перашкаджайце.

– А як быць з дзецьмі-індыга? Што гэта за дзеці?

– Гэта тэма для асобнай размовы. Ведаеце, пра такіх дзяцей загаварылі толькі некалькі гадоў таму. І то, загаварылі ў Амерыцы, Еўропе. У нашай сістэме адукацыі няма месца такім незразумелым дзецям. Адной з прыкмет дзіцяці-індыга з’яўляецца развітая гаворка з вялікім слоўнікавым запасам і дарослым разуменнем недзіцячых рэчаў. Такое дзіця дзівіць развагамі, мараллю, сваімі незвычайнымі інтарэсамі. Яшчэ адной прыкметай дзіцяці-індыга з’яўляецца яго адоранасць. У маёй педагагічнай практыцы быў хлопчык, які ў свае чатыры гады лічыў сексцільярды і ведаў тры мовы. І яшчэ ўвесь час задаваў пытанні, праўда, сам сабе на іх і адказваў. І гэта таксама з’яўляецца прыкметай дзіцяці-індыга. І ўсе такія дзеткі, без выключэння, гіперактыўныя. Та­му, калі маці такога дзіцяці прыводзіць яго на прыём да псіхолага, часцей за ўсё яму ставяць дыягназ “сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці”.

– Куды потым знікаюць такія дзеці? Яны перарастаюць сваю геніяльнасць? Становяцца звычайнымі?

– Я ўжо пачала адказваць на пытанне. Такім дзецям памылкова ставяць дыягназ гіперактыўнасць.

А што адбываецца з такімі дзецьмі ў садку, школе і наогул у калектыве? Правільна, іх прымушаць не высоўвацца за рамкі, быць, як усе, вучыцца, як усе, сядзець ціхенька, як усе, не перашкаджаць у школе настаўнікам, дома – бацькам.

А ў такіх дзяцей і падыход да вучобы зусім іншы.

– Як трэба вучыць адораных дзяцей?

– Дзеці з нейкімі звышздольнасцямі, як правіла, гультаі. Ім цяжка вучыць тое, да чаго ў іх няма цікавасці. І бацькі пачынаюць такіх дзяцей караць, прымушаць вучыцца. А гэтага рабіць не трэба.

Ваша адоранае дзіця абавязкова дагоніць школьную праграму і без таго, каб зубрыць штодня.

Яшчэ дзеці могуць назапашваць веды. Тады яны проста маўчаць некалькі дзён. У іх унутры ідуць працэсы, а збоку здаецца, што такое дзіця сядзіць і лічыць варон. Ну якому ж настаўніку гэта спадабаецца?

Вучэбны працэс для ўсіх аднолькавы, а тут – на табе –  адзін вучань выбіваецца з сістэмы.

– Якую ж параду можна даць бацькам і настаўнікам, якія працуюць з незвычайнымі дзецьмі?

– Бацькам – убачыць сваё дзіця. А настаўнікам – не прымушаць, а толькі супрацоўнічаць. У адваротным выпадку вы атрымаеце праціўніка, які будзе ўвесь час ваяваць з вамі. І грамадства згубіць яшчэ аднаго генія.

У раёне 25 здольных дашкольнікаў

 Аддзел адукацыі Маладзечанскага райвыканкама амаль штогод ладзіць конкурс “Мінута славы”. Мэта гэтага конкурсу – выявіць здольных дзяцей.
Тлумачыць метадыст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Кізіцкая:
– Сёлета ў фінальны этап конкурсу мы адабралі 25 дзетак, якія ў нечым паказалі свае здольнасці. Напрыклад, выхаванец дзіцячага садка № 26 Лёша Васілеўскі вельмі добра спявае, а Мікіта Герасімчук, выхаванец садка №5, паспяхова займаецца даследчыцкай дзейнасцю, ён нават выйшаў у фінал абласнога конкурсу. Хочацца дадаць, што ў нас такіх дзяцей вельмі многа. Нехта праяўляе здольнасці ў фізкультуры, нехта ў маляванні.
– Гэтыя дзеці, на вашу думку, вундэркінды?
– Не, я нават бы не сказала, што гэта неяк асабліва адораныя дзеці. Я скажу так: у гэтых дзяцей ёсць здольнасці. І мы працуем для таго, каб гэтыя здольнасці развіваць.
Размову з бацькамі, у якіх у сям’і растуць адораныя дзеці, чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў “Рэгіянальнай газеты”.