У мінулым нумары “РГ” пісала, дзе ў Маладзечне стаяць прыборы энергазберажэння і колькі можна зэканоміць пры іх  дапамозе электраэнергіі. Чытач Леанід Русак даслаў свой спосаб энергазберажэння. 

Чытач “РГ” прапанаваў спосаб энергазберажэння.

Ён прапануе звычайныя лямпачкі напальвання ўключаць праз паўправадніковы дыёд сярэдняй магутнасці Д226 і яму аналагічны на дапушчальны ток не менш за 0,3 А. Размяшчаць яго ў мантажнай каробцы выключальніка асвятлення.

Калі дыёд уключыць паслядоўна, на лямпачку будзе падавацца прыкладна палова напружання – 106 В. Яна будзе свяціць напалову напальвання.

Зберажэ 50% электраэнергіі ў параўнанні са звыклым рэжымам.

Калі дыёд уключыць паралельна выключальніку, у становішчы “выключана” будзе вышэйапісаны рэжым энергазберажэння. А пры становішчы “ўключана” – лямпачка будзе гарэць, як звычайная.

Такое ўключэнне дыёда выгадна там, дзе неабходна, каб штучнае асвятленне было пастаянным. Напрыклад, на калідорах шматпавярховых дамоў.

Немалаважна і тое, што як пры паслядоўным, так і пры паралельным уключэнні дыёда лямпачка становіцца “вечнай”. Яна  ніколі не перагарыць пры напружанні, якое складае палову намінальнага. Праверана пры шматгадовым выкарыстанні.

Такі спосаб зберажэння электраэнергіі патлумачыў Уладзімір Камяк, галоўны інжынер “Камунальніка”:

– Гэта старая схема зберажэння электраэнергіі. Напрыклад, такія стаяць у старых ліфтах. Палову энергіі можна зберагчы. Аднак лямпачка пры гэтым міргае, гарыць жоўтым святлом. Гэта непрыемна для вачэй. Таму такі спосаб энергазберажэння сёння не выкарыстоўваюць.

Чытайце яшчэ:

Прыбораў па зберажэнні энергіі не хапае