Параўнаннем з праменьчыкам пачала размову Данута Лубнеўская – удзельніца вілейскага клуба “Пераадоленне” для людзей, якія слаба бачаць, і інвалідаў па зроку.

– Самі разумееце, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі маюць патрэбу ў кантактаванні. Бо ў асноўным мы запёртыя ў чатырох сценах, – працягнула яна. – Вельмі добра, што для нас стварылі клуб. Ён для нас як, як пэўная аддушына. Мы можам сабрацца, выказацца. Не баімся, што на нас не так паглядзяць, калі, раптам, мы чай разлілі.

Удзельнікі клуба падаюць ідэі самі

Клуб запрацаваў у сакавіку гэтага года пры Вілейскім тэрытарыяльным цэнтры абслугоўвання насельніцтва.   

Год шэсць таму існавала група самадапамогі. Там збіраліся інваліды па зроку, з імі праводзілі заняткі. А сёлета старшыня раённай арганізацыі інвалідаў па зроку Ганна Філістовіч прапанавала аднавіць гэту працу.

– Пагаварылі, падумалі, што група самадапамогі – гэта мала, – прыгадала псіхолаг аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі цэнтра Ірына Рэут. – Вырашылі стварыць клуб, каб прыцягнуць больш людзей.

Патэлефанавалі сябрам арганізацыі, правялі яе сход, расказалі пра клуб.

Зараз у ім дзевяць пастаянных удзельнікаў. Збіраюцца раз на месяц. Звычайна – у кожны другі чацвер месяца, у 14.30, па вуліцы Маркава, 49 (тэл. 5-45-31). 

Абавязковы рытуал – чаяванне. Далей ідуць заняткі, трэнінгавыя практыкаванні.

– Бо ўдзельнікам напачатку было вельмі цяжка гаварыць: перажывалі, саромеліся, – кажа Ірына Рэут. – А цяпер бойка адказваюць. І гэта настолькі цікавыя людзі! Яны актыўна прымаюць удзел у выбары тэм. Самі ідэі падказваюць. Так, прапанавалі наведаць мемарыял забытых вёсак ля Вілейкі.

Ухіл – на літаратуру

Зараз клуб усё больш набывае літаратурны ўхіл. На першым занятку-знаёмстве, аказалася, што ў многіх хобі – літаратура. Нехта яшчэ сам можа чытаць, хтосьці нават вершы піша.

На адным з пасяджэнняў знаёміліся з кнігай “Яшчэ не позна…”, дзе сабраныя вершы пажылых віляйчан. Дзяліліся тым, што ведаюць пра паэтаў Вілейшчыны.

Быў літаратурны вечар, дзе кожны расказваў пра любімы твор. Уладзімір Кажушка чытаў вершы Гаўрыіла Шуценкі. Ён неяк слухаў запісы, і спадабаліся вершы гэтага паэта. Даведаўся, што і той страціў зрок. Па запісах вывучыў вершы – і пазнаёміў іншых з радкамі, што чапляюць за душу.

Расказвалі ўдзельнікі пра любімыя мясціны роднага горада. І паколькі некаторыя прыехалі ў Вілейку з іншых гарадоў, то атрымалася пазнавальна.  

“Галоўнае ў нашым клубе – кантактаванне”

 Так лічыць Ганна Філістовіч.

– Збіраюцца людзі з аднолькавымі праблемамі – таму адчуваем сябе ў гэтай кампаніі лёгка, – тлумачыць яна. – Людзі прыходзяць цікавыя – колішнія настаўнікі, журналіст, медработнік, бібліятэкар. Дзелімся сваімі праблемамі, даведваемся нешта новае.

 – Так, людзі збіраюцца цікавыя, – пацвярджае Данута Лубнеўская. – Са сваім жыццёвым досведам, сваім спосабам пераадолення абмежаванасці ў жыцці.

…Данута Лубнеўская і патэлефанавала ў рэдакцыю, каб напісалі пра клуб. Дзеля таго, каб іншыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі даведаліся пра яго і завіталі на пасяджэнні. Упэўнівае жанчына, што час яны ў клубе правядуць з карысцю.

А ўдзельнікам цікава будзе пазнаёміцца з новымі людзьмі.
– Бо новы чалавек – гэта новы свет, – кажа яна.