Санэпідслужба раіць не купляць грыбы, ягады і іншыя дары прыроды ў несанкцыянаваных месцах гандлю. Так вы рызыкуеце набыць прадукт, забруджаны радыенуклідамі.
Радыеактыўныя элементы найбольш накопліваюцца ў польскіх грыбах, масляках, махавіках, курачках, рыжыках, падгруздках чорных. Найменш − у вешанках, шампіньёнах, радоўках, апеньках.
Мы рэкамендуем правяраць лясныя дары ў адпаведнай лабараторыі. Яны ёсць на рынках, а таксама ў Маладзечанскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі па адрасе: вуліца Чкалава, 2-а.
Для даследавання прынясіце адзін літр патрэбнай прадукцыі. Пробу пасля вяртаюць.
Калі купляеце грыбы на рынку райспажыўтаварыства, абавязкова праверце іх на ўтрыманне цэзію ў лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы, што месціцца таксама на рынку.
Небяспечна купляць дзікарослую прадукцыю па-за рынкамі, каля дарог і ў іншых недазволеных месцах.
Грыбы з цэзіем былі ў Даманове
Пры зборы грыбоў трымайцеся правілаў:
– каб пазбегнуць атручвання, збірайце толькі ядомыя грыбы, якія добра ведаеце;
– не збірайце грыбы ў лесе, забруджаным радыенуклідамі, каля прамысловых прадпрыемстваў, фермаў, каля шашы і чыгункі. Грыбы ўбіраюць у сябе радыяцыю, солі цяжкіх металаў і становяцца небяспечнымі;
– не бярыце старыя грыбы. Пры старэнні ў іх адбываюцца складаныя хімічныя працэсы, падчас якіх выпрацоўваюцца атрутныя рэчывы;
– не дазваляйце дзецям браць неядомыя і не спрабуйце самі падазроныя грыбы на смак;
– ніколі не купляйце на рынку грыбныя кансервы, зробленыя дома, а таксама сухія грыбы, грыбную ікру і розныя салаты з грыбамі;
– грыбы – прадукт, які хутка псуецца, не адкладвайце іх апрацоўку.
Летась паводле дадзеных лабараторыі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі сярод проб грыбоў радыеактыўнае забруджванне знайшлі ў двух выпадках. Гэтыя забруджаныя грыбы збіралі ў вёсцы Даманова Вілейскага раёна. У іх знайшлі у 2-2,5 раза больш радыеактыўнага цэзію, чым дапускае норма.