Ва ўзросце 65 год пайшоў з жыцця выбітны грамадскі актывіст, каардынатар аргкамітэту БХД у Валожыне Георгі Мікалаевіч Каржанеўскі.

Не аднойчы “Рэгіянальная газета” пісала пра тое, як ён змагаўся за спыненне будаўніцтва жылых дамоў на месцы пахавання яўрэяў:

Сёння ў Валожыне пройдзе пікет супраць будаўніцтва жылых дамоў на месцы пахавання яўрэяў

Пікет у Валожыне: “Нельга аддаваць варварам косці людскія”

Пасля пікета ў Валожыне. Улады не хочуць спыняць будаўніцтва жылых дамоў на месцы пахавання яўрэяў

Памёр Георгі Каржанеўскі 20 верасня ў выніку інсульта. Імша на пахаванне прайшла ў Валожынскім касцёле святога Юзафа, пахаванне адбылося 21 верасня ў вёсцы Нягневічы Навагрудскага раёна.

Георгі Мікалаевіч нарадзіўся 2 студзеня 1949 г. у вёсцы Аўдзеевічы Навагрудскага раёна, піша bchd.info. У 1967 г. скончыў Пінскі гідратэхнікум, а ў 1977 г. – Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці інжынер-гідратэхнік. У 1977 годзе быў уганараваны дыпломам “За лепшую навуковую студэнцкую працу ў СССР”.

Працаваў на будаўніцтве ленінградскай АЭС, Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, на прадпрыемстве “Мінскводстрой”, пазаштатным карэспандэнтам выданняў “Полесская правда”, “Знамя Юности”, “Советская Беларусь”, “Сельская газета”, “Слава працы” і іншых.

Паходзіў са старажытнага шляхецкага роду Каржанеўскіх, першая ўзгадка пра які датуецца яшчэ часамі ВКЛ. Продкі Георгія Мікалаевіча былі ўдзельнікамі паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Касцюшкі, паўстання 1830-1831 гадоў, паўстання Каліноўскага 1863 года.

Георгі Каржанеўскі ўвесь час адчуваў непарыўную сувязь з мінуўшчынай. Апошнім часам ён рыхтаваў да выдання сваю кнігу “Мікола Гусоўскі і яго час”, але апублікаваць не паспеў. У рукапісах кнігі аўтар звяртаецца да Маці Божай, расказвае аб св. Яцэку Адравонжу і Міколе Гусоўскім, радзіма якога, магчыма, была акурат у Валожынскім краі.

У 1951 годзе бацьку Георгія Каржанеўскага, Мікалая Навумавіча, які адмовіўся ўступаць у калгас, абвінавацілі па трох артыкулах, у тым ліку ў шпіянажы і падрыхтоўцы ўзброенага паўстання супраць савецкай улады. Бацьку выслалі ў рэспубліку Комі, дзе той знаходзіўся спачатку ў турме, а потым на пасяленні. Хаця рэабілітаваны Мікалай Навумавіч быў у 1990-м, дамоў патрапіць змог толькі ў 1993 годзе.

Спадар Георгі шмат разоў наведваў Комі, змагаючыся за вызваленне бацькі, сабраў і апублікаваў звесткі аб загінуўшых ахвярах ГУЛАГу, усталяваў на месцы лагерных пахаванняў Беларускія Крыжы памяці. Ушанаванне продкаў заўсёды было для Георгія Мікалаевіча адным з галоўных правіл у жыцці.

Апошнія некалькі год Георгі Мікалаевіч самаахвярна змагаўся супраць бязмежжа валожынскіх чыноўнікаў, зрабіў шмат, каб спыніць будаўніцтва жылых дамоў на месцы масавых пахаванняў ахвяраў Халакосту на Валожынскім стадыёне і ўшанаваць памяць загінуўшых: ладзіў сустрэчы з неабыякавымі людзьмі, арганізоўваў пікеты, зборы подпісаў у Беларусі і за мяжой, звяртаўся да чыноўнікаў усіх узроўняў…

Шмат сіл аддаў Георгі Мікалаевіч змагаючыся супраць незаконнага, у абыход экалагічных нормаў, будаўніцтва свінакомплексу паблізу Налібоцкай пушчы. На думку Каржанеўскага, тое, з якім грэбаваннем экалагічных нормаў пабудаваны свінакомплекс, можа прывесці да экалагічнай катастрофы ў Валожынскім раёне.

Георгі Мікалаевіч ніколі не ставіў сваёй задачай крытыку ўладаў ці бізнэсоўцаў. Ён звяртаўся да ўсіх, да каго толькі мог, са сваімі распрацаванымі прапановамі каб “…уратаваць прыроду роднага Краю, сваю зямлю, сваю ваду, свае лясы – каб людзі выжыць змаглі”.

Праз сваю дзейнасць, як у савецкія часы, так і ў навейшай гісторыі, Георгі Мікалаевіч неаднаразова падвяргаўся ціску.