Сёлета да пачатку восені праверылі 19 месцаў, дзе гандлююць прадуктамі. 14 з іх – у Маладзе­чан­скім раёне, пяць – у Вілейцы.

Праверылі 294 партыі харчовай прадукцыі. З іх 55 партый мелі розныя парушэнні. Прадавалі тавары з прайшоўшым тэрмінам прыдатнасці ці наогул без яго. Многія тавары былі без маркіроўкі, сертыфікатаў, дэкларацый адпаведнасці, на некаторыя не было дакументаў, якія пацвердзілі б іх паходжанне.

Па выніках праверкі забаранілі прадаваць 55 партый тавараў на агульную суму больш за шэсць мільёнаў рублёў.

У дзевяці суб’ектаў гаспадарання знайшлі парушэнні Закона “Аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў”. Каб разлічвацца з кліентамі, гандляры выкарыстоўвалі неправераныя вагі.
Па выніках дзяржаўнага нагляду склалі 29 адміністрацыйных пратаколаў. 22 з іх разгле­дзелі суды Маладзечанскага і Вілейскага раёнаў. Гандлёвыя прадпрыемствы аштрафавалі больш чым на 28 мільёнаў рублёў.

17 пунктаў продажу прадуктаў атрымалі прадпісанні аб выпраўленні парушэнняў.

Аддзел дзяржнагляду працягвае праверкі, ці трымаюцца заканадаўства пры продажы харчовай прадукцыі.

Інспекцыя Дзяржстандарту працуе, каб абараняць правы і законныя інтарэсы грамадзян ад нядобрасумленных юрыдычных асоб і прадпрымальнікаў, якія гандлююць прадуктамі.