Прайшоў ён 6 і 7 верасня ля вёскі Асінаўка Вілейскага раёна.

Ля рэчкі Нарачанкі фестываль адбываўся трэці год. Калісьці адшукалі падыходзячае месца арганізатары проста: выбралі па карце.

– І ўжо тры гады праводзім фестываль на адным і тым жа месцы, – кажа яго арганізатар Дзмітры Радаман. – Яно вельмі ўдалае, дазваляе ўсё неабходнае рабіць. Ёсць перапад вышынь і патрэбная адлегласць для таго, каб нацягнуць тралей.

Тралей – галоўная прынада фестывалю

Уздоўж Нарачанкі наўскасяк з аднаго берага на другі нацягнулі доўгую – амаль 250 метраў – вяроўку. Па ёй з дапамогай адмысловага рыштунку на хуткасці спускаліся ахвотныя. Гэта і ёсць тралей.

Можна было праляцець над Нарачанкай

Можна было праляцець над Нарачанкай

Для аматараў экстрэмальных забаў яшчэ быў роупджампінг. Трэба было залезці на пляцоўку на высокім дрэве і скокнуць адтуль з вяроўкай. 

Маглі ўдзельнікі фестывалю паспрабаваць сябе ў ролі канатаходцаў: прайсціся над зямлёй па страпе (так названы “слэйклайн”). А самыя дасведчаныя і над рэчкай праходзілі.

Заняцца было чым і дарослым, і дзецям, і сабакам

Апроч экстрэмальных забаў удосталь было і іншых. Цікавымі атрымаліся спаборніцтвы па арыентаванні. Для яго сябры Мінскага роварнага таварыства знайшлі ў акрузе адметныя мясціны. Праводзілі на фестывалі майстар-класы па танцах, ёзе, капаэйры… І канцэрт наладзілі.

Адмысловая пляцоўка працавала для дзяцей. Нават для сабак забавы прыгатавалі: вучылі іх гуляць у фрысбі (лятаючы дыск).

– Фестываль з кожным годам набірае публіку і абароты, – кажа Дзмітры Радаман. – Збольшага людзі прыязджаюць сюды не першы раз. Ужо сем’і стварыліся з людзей, якія пазнаёміліся на фестывалі. Так што сёлета ён атрымаўся больш дружалюбны, згуртаваны і душэўны.

Апроч беларусаў, сёлета ў фестывалі ўдзельнічалі госці з Расіі, Украіны, Германіі.

– А мясцовыя людзі ці падыходзілі?

– Усе тры гады прыходзяць, спрабуюць, катаюцца. Сёлета былі  паўнацэннымі удзельнікамі – выступалі ў арыентаванні.

І пра ўражанні. Хтосьці дзякаваў арганізатарам за тое, што на фестывалі далі магчымасць пераступіць праз свае страхі. Камусьці “асабліва спадабалася тое, што фестываль сапраўды быў сямейны – усім было чым заняцца (і дарослым, і дзецям, і нават сабакам)”. Некаму запомніўся “батут ноччу ў лесе пад зоркамі”. А дзевяцігадовая Каця сваё захапленне ад фестывалю нават у школьным сачыненні распісала.

Грошы і рэчы пойдуць у прытулак

Усе шэсць год фестываль мае дабрачынны накірунак. Выручаныя за білеты грошы аддадуць у Пухавіцкі дзіцячы прытулак. Таксама туды адвязуць рэчы і канцылярскія прылады, якія ўдзельнікі прывозілі з сабой.

А ці будзе фестываль на гэтым месцы налета, яшчэ невядома. Арганізатары будуць вызначацца. Якім бы ні было зручнае месца ля Нарачанкі, хочацца і іншыя апрабаваць.

Даведка “РГ”

Роупджампінг – экстрэмальны від спорту. Скачок з вяроўкай з высокага аб’екта пры дапамозе складанай сістэмы амартызацыі з альпінісцкіх вяровак і рыштунку. Капаэйра – бразільскае нацыянальнае баявое мастацтва, якое спалучае ў сабе элементы танца, акрабатыкі, гульні.