23 верасня адбыўся матч ХК “Дынама-Маладзечна” супраць каманды “Шахцёр” з Салігорска.

Гульня супраць лідараў чэмпіянату для каманды з Маладзечна атрымалася драматычнай.

Адразу ад пачатку гульні хакеісты “Шахцёра” ўзялі ініцыятыву ў свае рукі і змаглі на першай хвіліне трапіць у вароты варатара маладзечанцаў. Далейшы ход гульні ўсё больш пакідаў на тварах аматараў каманды “Дынама-Маладзечна” непаразуменне. Як атрымалася так, што за адну хвіліну ў варотах Яна Шэлепнева апынуліся дзве шайбы, не зразумеў ніхто. За тры хвіліны да сірэны на перапынак лік гульні стаў 4:0 на карысць гасцей з Салігорска.

Другі і трэці перыяд прайшоў ва ўзаемных атаках сапернікаў, але шчасце так і не ўсміхнулася маладзечанцам. Затое літаральна за некалькі хвілін да фінальнай сірэны салігорцы змаглі зрабіць лік гульні разгромным 6:0.

Пасля заканчэння матча адбылася прэс-канферэнцыя,на якой галоўны трэнер ХК “Дынама-Маладзечна” Дзмітры Краўчанка пракаментаваў пройгрыш сваёй каманды:

– Радуе адно – мы ўпэўнена прайгралі, гэта таксама добра.

Наступная гульня адбудзецца ў Лядовым палацы 28 верасня супраць каманды з Брэста. А 1 кастрычніка ХК “Дынама-Маладзечна” прымае мінскую каманду “ Юнацтва”.