Вялікі князь Літоўскі Гедымін зачытваў урывак з паслання, дзе ў 1324 годзе ўпершыню згадваецца Мядзел… Каралева Бона Сфорца расказвала, як ёй удалося зачараваць тутэйшыя мясціны ад змей…

Персанажы знаёмілі з гісторыяй Мядзела

Персанажы знаёмілі з гісторыяй Мядзела

Гэтак, тэатралізаваным прадстаўленнем “З глыбіні стагоддзяў”, у Мядзеле 20 верасня пачынаўся Дзень горада.

У ім гараджан знаёмілі з асноўнымі момантамі гісторыі Мядзела. Скончылі прадстаўленне тым, што запрасілі ахвотных патанцаваць ойру. Гэты даўнейшы танец калісьці быў папулярны і на Мядзельшчыне.

Свята горада праходзіла ў Мядзеле ўпершыню. Прымеркавалі яго да 690-годдзя з дня першай згадкі ў пісьмовых крыніцах.

 У музеі народнай славы арганізавалі выставу народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча. Тут жа на відэапрэзентацыі паказвалі старыя фотаздымкі горада і яго жыхароў. А ў гарадскім Доме культуры працавала выстава фатаграфіі пастаўчаніна Андрэя Мацура “Нябачныя помнікі Вялікай вайны”. На чорна-белых здымках – сляды Першай сусветнай, якіх так шмат на Мядзельшчыне.

А дзеці імкнуліся хутчэй у моладзевы сквер: там для іх было багата забаў. Побач уладкаваліся юныя мастакі. Малявалі горад: на карцінах бачныя царква, возера…

“Во што значыць родная зямля!”

Ля амфітэатра адбылося шэсце працоўных калектываў горада. Яны ж наладзілі выставу на плошчы Леніна.

Са сцэны амфітэатра прызнаваліся ў любові да мядзельскай зямлі вядомыя землякі: народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч і народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч.

–  Гэта гонар – быць на такім свяце, – дзялілася  яна. –  Толькі што ў музеі  паглядзелі здымкі тых даўнейшых, але не забытых гадоў. Канешне, што там параўноўваць з сённяшнім горадам, але і тое вельмі дорага. Разумееце, мая мама калісьці ў Паставы за 30 кіламетраў хадзіла пехатой – туды і назад. А Максім Танк пешшу хадзіў пехатой з Вільні у Пількаўшчыну. Расказваў, пісаў у дзённіку, што калі падыходзіў да мядзельскай зямлі, то ішоў аж подбегам, хоць ногі паапухаўшы былі. Во што значыць родная зямля!

На свяце ўшанавалі мядзяльчанак, узнагароджаных ордэнам Маці. Прыгадалі самага старога жыхара горада і юнага – яму ўсяго некалькі дзён, і падарунак павязуць у радзільнае аддзяленне.

У  некалькіх месцах мядзяльчане і госці маглі напісаць пажаданні гораду. Апроч мноства пажаданняў шчасця і міру, зычылі Мядзелу “самых лепшых жыхароў” і каб “было больш святаў”.

Багатая на імпрэзы была бібліятэчная альтанка. Тут і кніжныя фотавыставы, букросінг наладзілі. Наўпрост на дварэ правялі пасяджэнне клуба “Задушэўная размова”. Пенсіянеркі ўспаміналі маладосць, як у той час выглядаў Мядзел.

Было ўмат розных выстаў

Было ўмат розных выстаў

Багата людзей прыйшло ў цэнтр горада на ўрачыстую рэгістрацыя шлюбу: паназіраць, як Яўгенія Дэйка і Міхаіл Гаранін даюць абяцанне жыць у каханні і згодзе.

Яшчэ на свяце адбылося адкрыццё Брамы сяброўства. На ёй завязалі стужачкі прадстаўнікі Паставаў, Докшыцаў, Браслава, Савецкага раёна Мінска і Чарнігава.

Скончылася свята феерверкам.