Маладзечанская каманда “Пятая чвэрць” будзе змагацца на абласным этапе Клуба вясёлых і знаходлівых сярод педагагічных работнікаў “Педагагічны марафон”.
Адборачны тур адбыўся ў гімназіі-каледжы мастацтваў у Маладзечне 18 верасня.
Акрамя гаспадароў, у ім прынялі ўдзел каманды педагогаў Валожынскага, Мінскага, Лагойскага і Мядзельскага раёнаў.
Пераследуе лічба 5
Рыхтаваў і вёў да поспеху нашу каманду кіраўнік і галоўны сцэнарыст Сяргей Кірпічнікаў (СШ №2). Як патлумачылі ўдзельнікі гульні, адпачынак − лепшы час для настаўнікаў, таму яны вырашылі назваць каманду “Пятая чвэрць”. Падтрымала назву эмблема на майках ў выглядзе рознакаляровых далонек (“пяцюня”).
− Нас проста пераследуе лічба 5. Глядзіце: пятая чвэрць, “пяцюня” ды яшчэ выступаем пад пятым нумарам! Гэта знак, таму мы спадзяёмся, што зоймем менавіта першае месца, − пажартавала перад пачаткам гульні Юлія Мароз, настаўніца англійскай мовы ў гімназіі №6.
Жадаю маладым людзям поспехаў, даю ім “пяць” і спускаюся ў залу.
Каманда Пятая чвэрць Маладзечанскаяраёна.
Выбралі капітана за прыгожы голас
Прывітанне прайшло на “ўра”. Кожную мініяцюру нашы настаўнікі прадставілі недарэчным, але смешным вершам ў непераўзыдзеным выкананні Генадзя Пшэніка, педагога тэатральнага майстэрства гімназіі-каледжа мастацтваў.
Самым смешным і непрадказальным этапам стаў конкурс капітанаў “Біятлон”. Капітанам нашай каманды выбралі настаўніка англійскай мовы гімназіі-каледжа мастацтваў Максіма Міхайлава за самы прыгожы голас. Цудоўная падача трапных, добра прадуманых жартаў у яго выкананні прынесла маладзечанцам максімальны бал за этап.
Максім Міхайлаў, капітан Маладзечанскай каманды.
Дамашняе заданне атрымала назву “Аксамітны сезон”. І калі астатнія каманды “з’язджалі” на курорты ў сваіх выступленнях, то маладзечанцы і тут адзначыліся. Іван-педагог адправіўся на пошукі таго самага аксамітнага сезона, сустрэўшы на сваім шляху і Бабу Ягу, і Кашчэя Бессмяротнага.
Маладзечанцы паказалі ўзор гульні ў КВЗ
Нягледзячы на занятасць настаўнікаў, ніхто з іх не шкадуе, што ўдзельнічаў у КВЗ.
− Кожная рэпетыцыя − гэта такі зарад энергіі, бадзёрасці і гумару! − дзеліцца ўражаннямі Максім Самаль, настаўнік гісторыі СШ №5. − З аднаго боку − самаіронія, жартоўная рэфлексія над сваёй дзейнасцю, з іншага − псіхалагічная разрадка. У нас у камандзе нават ёсць асабісты псіхолаг.
У камандзе “Пятая чвэрць” выступілі таксама Вікторыя Капелька, педагог-арганізатар СШ №4, Руслан Ступакоў, педагог-псіхолаг СШ №1, Ксенія Конанава, педагог-арганізатар гімназіі №3, Святлана Ермаловіч, настаўніца англійскай мовы Красненскай СШ. А наяўнасць у камандзе харэографаў Андрэя Малько (гімназія №6) і Канстанціна Бондарава (СШ №14) дапамагла зрабіць выступленне нашых настаўнікаў больш танцавальным і музычным.
Паводле слоў членаў журы, педагогі Маладзечанскага раёна паказалі ўзор гульні ў КВЗ. У кожным з этапаў конкурсу нашы ўдзельнікі набралі максімальную колькасць балаў, атрымаўшы безумоўную перамогу!
Каманда Па вушы ў крэдзе Валожынскага раёна.
Каманда БЭНЦ Мядзельскага раёна.