Што аб’ядноўвае бойкіх бабулек, прыгажунь бальзакаўскага ўзросту, пасівелых рыцараў, а таксама пары, якія даўно адсвяткавалі жамчужнае, рубінавае ці залатое вяселлі? Як не дзіўна, але гэта вечары танцаў “Для тых, хто малады душой”, якія ладзяцца ў гарадскім парку кожную ня­дзелю.

Калі выпадкова вам пашчасціць трапіць у парк нядзельным вечарам, вы хочаце таго ці не, а трапіце ў чаруючую атмасферу, якая пануе тут.

Па-першае, гэта музыка з бабулінай пласцінкі: танга, савецкая эстрада 60-х гадоў, факстроты і вальсы.

Па-другое, тут не сустрэнеш танцораў у штодзённым адзенні – толькі лепшыя касцюмы ў мужчын, сукенкі, пацеркі і капялюшыкі – у жанчын. А яшчэ тут няма злых, незадаволеных жыц­цём, стомленых лю­дзей. Нават у тых, хто проста праходзіць міма, у вачах загараецца агеньчык цеплыні і пяшчоты ад таго, што сталыя лю­дзі гуляюць у парку, трымаючы адзін аднаго за руку.

Тыя, хто не танцуе, сядзяць тут побач на лаўках. З адной такой парай, з Іванам і Марыяй Ярашамі, і спрабую загаварыць:

– Вы прыходзіце сюды патанцаваць?

– Ой, дзетачка, нам абаім ужо дзявяты дзясятак пайшоў, – пачынае размову Іван Яраш. – Якія танцы? Вось прыходзім падыхаць свежым паветрам ды музыку паслухаць. Дома ж не бу­дзеш увесь дзень ся­дзець.

Іван Мікалаевіч дома шмат чытае. Сваю бібліятэку збірае ўжо 60 гадоў. Кнігі ў дамашняй бібліятэцы, як кажа сам гаспадар, больш нагадваюць канспекты. Усе палі ў іх спісаныя пазнакамі. А яшчэ Іван Мікалаевіч кожную сераду ў кіёску набывае сваю любімую газету. І вельмі абураецца, калі ў дзень выхаду новага нумара на паліцах застаюцца старыя газеты.

– Чаму людзі не купляюць газеты? Няўжо нікому нецікава ведаць праўду пра тое, што ў свеце робіцца?

Танцы лечаць ад хваробы

Дзве сяброўкі-суседкі Марыя Васільеўна і Лідзія Раманаўна таксама не маюць ахвоты кідацца ў скокі, але паразважаць пра жыццё і падзяліцца сваімі назіраннямі гатовыя заўсёды.

– Не любім мы сядзець пад пад’ездам і збіраць плёткі! – шчыра прызнаецца Марыя Васільеўна. – Вось тут іншая справа. І на людзей паглядзець, і музыку паслухаць. Радуемся, што горад наш такім прыгожым стаў.

Ва ўспамінах маладосці Марыі Васільеўны, з забаў, што былі ў парку, яна памятае толькі “Кола агляду”. Каб трапіць на яго, трэба было адстаяць у чарзе добрую гадзіну.

– Мы з сяброўкай (ківае ў бок Лідзіі Раманаўны) жанчыны адзінокія, таму часта тут бываем, увогуле стараемся на ўсе канцэрты хадзіць.

А Лідзія Раманаўна праз газету папрасіла арганізатараў такіх вечароў падбіраць музыку пад іх узрост.

– Ды не можам мы гэты жывы метал слухаць! Нам народнай музыкі хочацца! Той, якая і ад хвароб лечыць.

Білет на вечарыну “Для тых, хто малады душой” каштуе 10 тысяч рублёў. Пачатак у 17:00.

Што музыка лечыць ад хвароб, гэта, як аказалася, было сказана зусім не для чырвонага слоўца. Сяброўкі прыгадалі гісторыю аб тым, што ў парк кожную нядзелю сын прыводзіў свайго бацьку. Бацька, відаць, толькі пасля цяжкай хваробы. Ледзьве перастаўляў ногі, памаленьку хадзіў нават з палачкай. Праз некаторы час жанчыны заўважылі, што гэты пажылы мужчына стаў у парк прыходзіць самастойна.

– І ведаеце што, – кажа Марыя Васільеўна, – на мінулым тыдні ён нават і танцаваць пайшоў!

Дана і Эмануэле – гісторыя кахання і любові да танцаў

Назіраючы за танцуючымі, заўважаю, што адна пара рухаецца быццам на конкурсе танцаў. Гучала папулярная папсовая мелодыя, а пара танцавала ці то самба, ці ча-ча-ча. Хто гэта, пытаюся ў дзяўчыны, што правярае білеты.

– О, гэта цудоўныя людзі! Паглядзіце, яны і выглядаюць быццам чужаземцы! Бачыце, як у іх гараць вочы і як яны шчыра ўсміхаюцца!  Кожную нядзелю прыязджаюць з Вілейкі, каб патанцаваць. Дарэчы, мужчына-амерыканец.

Пазнаёміўшыся з гэтай парай танцораў, хачу сказаць:

– Ніякі мужчына не амерыканец! Яго завуць Эмануэле, і прыехаў ён у Вілейку да любімай жанчыны з Італіі.

Пазнаёміліся Дана і Эмануэле ў Італіі, куды паехала яна працаваць. Неўзабаве вярнуліся на яе радзіму разам. Дана і Эмануэле актыўныя ўдзель­нікі клуба “Ветэран”, дзе без іх танцаў не адбываецца ніводны канцэрт.

– Мы вельмі хацелі адкрыць у Вілейцы сваю школу танцаў. Бясплатную, канешне ж. Проста хацелася навучыць лю­дзей танцаваць. Хадзілі, прасілі, тлумачылі – ні ў якую. Не разумеюць чыноўнікі, нашто нам гэта трэба! – прызнаецца Дана. – А потым такую прапанову атрымалі з Маладзечна. Але як бу­дзеш ездзіць на заняткі, не маючы ўласнага транспарту?

Таму пакуль Дана і Эмануэле танцуюць для сябе і для тых, хто, гледзячы на іх, думае: “ Вось гэта здорава! Трэба таксама навучыцца так танцаваць! Трэба таксама навучыцца так усміхацца і радавацца кожнаму дню, які правялі, трымаючы за руку каханага чалавека!”

“Нашы танцоры снегу не баяцца”

Начальнік парку Перамогі ў Маладзечне Аляксандр Фалей да сваіх наведнікаў ставіцца з асаблівым пачуццём. І вельмі шкадуе, што да вясны з імі прый­дзецца развітацца.

Справа ў тым, што ў парку няма памяшкання, куды б маглі прыходзіць людзі ў халады.

Сезон у парку заканчваецца 1 кастрычніка.

– Мы і так падаўжаем сезон наколькі гэта магчыма. Вось быў год, – успамінае Аляксандр Фалей, – калі на вуліцы ўжо зусім было холадна. Ішоў мокры снег. Мы і не думалі рабіць танцы, але ў парк прыйшло чалавек 10-15. Мусілі адкрывацца і ўключаць музыку.

Ды-джэям, што ставяць музыку, таксама бывае цяжка дагадзіць усім наведнікам. У парк прыходзяць танцаваць людзі, якім ад 40 да 80 гадоў. Нехта просіць больш сучасную музыку, нехта музыку 50-х гадоў. А яшчэ сюды хо­дзяць пары, які танцуюць толькі вальс, кракавяк, танга, падэспань. У плэйлісце мусіць быць і такая музыка.

На маё пытанне, часцей ходзяць сямейныя пары ці знаёмяцца тут, Аляксандр Фалей адказаў, што пераважна прыходзяць адпачыць ад сваіх другіх палавінак. Таму мужчына і жанчына, што танцуюць павольны танец або ціхенька размаўляюць у баку, хутчэй за ўсё, выпадковыя знаёмыя, а не муж і жонка.

 – А мужчын у нас не хапае, – бядуе Аляксандр Фалей, таму з наступнага сезона ўваход мужчынам будзе са скідкай.

Танцавальная пляцоўка для тых, хто хо­дзіць сюды кожныя выхадныя – гэта настальгія па маладосці. І тое, што яна павінна існаваць і працаваць круглы год, гаворыць вось такі факт. Летам шматлікія людзі пенсійнага ўзросту бавяць час на лецішчы, але ёсць адзін дзень у тыдзень, калі пенсіянеры забываюцца пра свае цяпліцы і грады і прыязджаюць у горад, каб зноў запрасіць на танец вось тую прыгожую жанчыну ў бірузовым шаліку.