30 верасня, у аўторак, адкрылі памятную дошку краязнаўцу Анатолю Рогачу на будынку электрычных сетак. Там ён працаваў больш за 40 год. 

Анатоля Рогача ўспаміналі як краязнаўцу, дэпутата раённага савета, інжынера-энергетыка. Таксама ўзгадвалі яго як даследчыка жыцця і творчасці Адама Гурыновіча, Ігната Ходзькі. Адзначалі, што ён першым звярнуў увагу на біяграфію Піліпа Орліка, ураджэнца вёскі Касута, аўтара першай украінскай канстытуцыі.

Рогача памятаюць за працавітасць

Аўтар мемарыяльнай дошкі Анатоль Капцюг падчас прамовы на адкрыцці падзяліўся пачуццямі:

– Лепш бы не было гэтай дошкі, а быў жывы Анатоль Валянцінавіч! 

Вызначальнай якасцю вілейскага краязнаўцы ён назваў нястомную працавітасць.

– Напэўна, гэта і згубіла Анатоля Рогача. Ён перапрацаваўся, – мяркуе Анатоль Капцюг.

Аўтар мемарыяльнай дошкі адзначае, што ўнук Анатоля Валянцінавіча таксама цікавіцца краязнаўствам. Таму, магчыма працягне справу свайго дзеда.  

На адкрыцці памятнай дошкі выступоўцы падкрэслівалі, што Вілейшчына багатая на тых, хто хвалюецца пра спадчыну. Гэтых рупліўцаў варта ўшаноўваць, каб памяталі і іх справу, і іх саміх.