Удзельнікі турыстычнага клуба “Пілігрым” у канцы жніўня ўзялі ўдзел у дзевяцідзённым велапаходзе. Сваімі ўражаннямі ад паходу дзеліцца кіраўнік клуба і кіраўнік групы Сяргей Бялкоў.
Маршрут адлегласцю амаль 500 кіламетраў пралягаў праз шэсць пунктаў: Ілью, Бягомль, Лепель, Бешанковічы, Віцебск і Полацк.
Сёлета ў паходзе ўдзельнічалі 11 чалавек, самаму малодшаму з якіх, Мацвею Самсановічу, усяго 10 гадоў.
Пра куфар, які падарожнічаў у Амерыку
Першы прыпынак і начлег быў у Ільянскай школе. Велападарожнікам пашчасціла не толькі пераначаваць пад дахам, але і папрысутнічаць на экскурсіі, якую дырэктар школы Ігар Юшко правёў спецыяльна для гасцей з Маладзечна.
У Ільянскай школе працуюць два музеі, літаратурна-краязнаўчы і гістарычна-краязнаўчы. Абодва маюць статус народных, а значыць, калекцыя экспанатаў насамрэч вялікая і заслугоўвае ўвагі.
– Больш за ўсё мяне ўразіў куфар ХІХ стагоддзя, – дзеліцца ўражаннямі Сяргей Бялкоў. – Ён такі вялікі і цяжкі, што калі мне сказалі, што яго браў з сабой мясцовы падарожнік у якасці багажу ў Амерыку, я не паверыў.
А малодшым удзельнікам падарожжа запомніўся вучнёўскі дзённік пачатку ХХ стагоддзя, у якім была напісаная заўвага: “Не лётай па вёсцы, а вучы ўрокі”.
Самае чыстае ў свеце возера – Выдрыца
Акрамя музеяў, у якія завіталі падарожнікі па дарозе, незабыўнае ўражанне пакінула і прыродная прыгажосць.
9-дзённая паездка абышлася яго ўдзельнікам прыкладна ў 600 тысяч рублёў.
Адно з такіх уражанняў пакінула возера Выдрыца, што на Лепельшчыне. Як сцвярджае Сяргей Бялкоў, такога празрыстага і чыстага возера няма нават на Мальдзівах.
А ў самім Віцебску здзівіла Дзвіна. Яна за гэта лета высахла настолькі, што па ёй перастаў хадзіць водны транспарт.
Без дробнага рамонту ў дарозе не абыходзіцца
Усе велападарожнікі павінны ведаць пра тое, што ў дарозе можа здарыцца ўсякае. Таму ў заплечніках вязуць з сабой дадатковыя дэталі да ровараў. Абавязкова ў групе падарожнікаў ёсць майстар. У сёлетнім велапаходзе ім быў Юры Самсановіч. Напрыклад, прабітую шыну ён можа замяніць за 15-20 хвілін.
Бывала ў падарожнікаў і такое, што па дарозе адвальваліся педалі. І тады ўся група заставалася на цэлыя суткі на прывале чакаць машыну з горада, у якой везлі новыя педалі. Але гэтыя абставіны, як і дрэннае надвор’е, і стомленасць, яшчэ ні разу не прымусілі падарожнікаў завярнуць свой ровар назад.
– Хаця, – успомніў Сяргей Бялкоў, – быў у мяне адзін выпадак у пешым паходзе, калі дарослы мужчына спужаўся і, спаслаўшыся на тое, што ў яго назапасілася шмат спраў у горадзе, збег з паходу.
У паходах, як у сапраўднай краіне, ёсць і свае прэзідэнты, і свае міністры. У велапаходзе клуба “Пілігрым” міністрам аховы здароўя прызначылі Антаніну Аляксандраву. Ёй ў падарожжы давялося ратаваць сваіх “падначаленых” ад кляшча. А міністр харчавання Анжэла Сташкевіч забяспечвала “свой народ” трохразовым каларыйным харчаваннем.
Вось такое велападарожжа адбылося ў жніўні. І пакуль турыстаў чакаюць начлег пад зорным небам, песні пад гітару і бонус у выглядзе лазні на беразе ракі, падарожжа не скончыцца…
Парады ад турыста з 40-гадовым стажам Сяргея Бялкова
1. Заўсёды кантактуйце з мясцовым насельніцтвам. Толькі яно ведае, што самае цікавае і незвычайнае знаходзіцца побач.
2. У паходзе дзейнічае прынцып “раўняйцеся на самага павольнага ўдзельніка”, таму не бойцеся застацца ў хвасце групы.
3. Не верце картографам. Амаль у кожным падарожжы бывае выпадак, калі на карце намаляваная добраўпарадкаваная асфальтаваная дарога, а насамрэч на “ёй” расце бульба ці кукуруза.
4. Не бойцеся падняцца з канапы і рушыць у дарогу. Гэта, напэўна, самая асноўная парада.