Шэраг крадзяжоў веласіпедаў здзейснілі двое маладых маладзечанцаў.

Яны пачалі красці летась у чэрвені. У кожным выпадку абставіны былі падобныя.

Загадзя дамовіўшыся, маладыя людзі заходзілі ў пад’езды шматпавярховак, дзе былі ровары. Нягледзячы на тое, што ровары былі на замках, злодзеі іх кралі.

Потым яны везлі скрадзены транспарт электрычкай на рынак “Ждановічы”. У апошні раз яны папрасілі памагчы ім двух сваіх знаёмых. Не тлумачылі, дзе ўзялі ровары, а проста папрасілі перавезці пяць штук.

Тое, што пяць ровараў перавозілі чацвёра маладзёнаў, выклікала падазрэнне ў міліцыянераў. Таму іх і затрымалі.

Агулам злодзеі скралі 12 ровараў агульным коштам на 18,5 мільёна рублёў.

Падчас папярэдняга следства падазроныя цалкам прызналі віну і выплацілі матэрыяльную шкоду.

Суд прыгаварыў маладзёнаў да абмежавання свабоды на 2,5 года без накіравання ў папраўчую ўстанову. Прыгавор уступіў у законную сілу. Па амністыі абвінавачаным зменшылі пакаранне на адзін год.