Калі мы вырастаем, надыходзіць момант, што ўжо нам трэба клапаціцца пра бацькоў, удзя­ляць ім больш увагі, акружаць любою. Каб стасункі між вамі былі цёплыя, варта ўлічваць псіхалагічныя асаблівасці сталага ўзросту.

У сталасці адбываецца шмат змяненняў у інтэлектуальнай і эмацыйнай сферах: звужаецца кола захапленняў, складаней вучыцца новаму, боязь адзіноты, бездапаможнасці, хваробаў. Частыя думкі пра смерць, пра сэнс жыцця. Няўпэўненасць у заўтрашнім дні, праз гэта праяўляюць скупасць, дробязнасць. Становіцца менш людзей, з якімі падтрымліваюць сувязь.

Міжнародны дзень сталага чалавека адзначаюць 1 кастрычніка ад 1991 года.

Не забывайце, што вашы бацькі – самыя родныя і блізкія. А захаваць добрыя стасункі дапамогуць простыя парады:

Псіхолаг Вольга Малашка.

Псіхолаг Вольга Малашка.

1. Падумайце пра прыемныя сямейныя традыцыі. Гэта можа быць сямейны абед па нядзелях. Калі жывяце далёка адзін ад аднаго, падумайце пра размовы праз скайп.

2. Дазваляйце бацькам быць клапатлівымі. Ім неабходна адчуваць, што яны патрэбныя і карысныя, яны вельмі баяцца згубіць значнасць. Пазбаўляйце цяжкай работы, але пакідайце прыемныя клопаты. Яны могуць праверыць урокі ва ўнукаў, гатаваць вячэру ці займацца садам і агародам.

3. Будзьце ўдзячныя. Не шкадуйце падзякі за тое, у чым яны вам дапамагаюць.

4.  Прасіце парады. Сталым людзям асабліва важна, каб іх меркаванне ўлічвалі. Таму прасіце парады у тых пытаннях, у якіх яны кампетэнтныя. Так вы паказваеце каштоўнасць іх ведаў і досведу.

5. Прыдумайце занятак для бацькоў. Часта ў сталым узросце праяўляюцца схаваныя таленты і жаданні. Напрыклад, ахвота падарожнічаць ці маляваць, альбо разгадваць красворды.

6. Знаходзьце новыя захапленні. Хадзіце разам на выставы, канцэрты. Гэта яшчэ адзін шанец правесці час ра­зам і падзяліцца ўражаннямі.

7. Будзьце ўважлівыя да сваіх сталых бацькоў. Паспявайце знайсці час і цярпенне, каб выслухаць іх. Не адказвайце крытыкай на крытыку, крыўдай на крыўду. Абдыміце, вазь­міце за руку – гэта зробіць іх шчаслівымі.

8. Паважайце лад жыцця вашых бацькоў. Яны маюць права на свае звычкі, нават калі падаюцца неразумнымі. Старая тэхніка для іх больш зручная, а старыя рэчы могуць быць вельмі дарагія сэрцу.

9. Не перабольшвайце з клапатлівасцю. Не імкніцеся пазбавіць іх ад усіх клопатаў. Навязлівая дапамога можа выклікаць адчуванне, што яны яшчэ больш старэйшыя, чым ёсць. А старэць яны не хочуць.

Што трэба, каб жыццё пасля пенсіі стала шчаслівым

Прытча пра бацькоў

Адзін чалавек звяр­нуўся да мудраца:

− Скажы, што мне рабіць з маімі бацькамі? Ад старасці іх розум зусім слабы − яны то плачуць, то балабоняць. Можа, адправіць іх у прытулак?

Мудры чалавек ад­ка­заў:

− Калі ты ляжаў у калысцы, то таксама невялікі розум меў − дзень і ноч не даваў адпачынку бацькам плачам. Колькі пяшчоты і цярпення яны аддалі табе, пакуль рос. І чым ты хочаш адплаціць?

Па псіхалагічную дапамогу можна звярнуцца па тэлефоне (80176) 74-66-20 ці на адрас: Маладзечна, вуліца Таўлая, 4. Кансультацыі бясплатныя і ананімныя.

У Маладзечне адзначылі дзень сталых людзей віншаваннямі і канцэртам