Мала­дзечанскія байкеры перадалі падарункі дзецям у сацыяльны прытулак.

Акцыя прайшла ў межах моладзевага творчага форуму “Час жыць”.

– Ініцыятыва правесці акцыю ішла ад арганізатараў форуму, – расказаў “Рэгіянальнай газеце” матацыкліст Яўген Сергіевіч.

Сабраць байкераў на такое мерапрыемства аказалася вельмі лёгкай справай. Ні адзін чалавек, якому напярэдадні патэлефанаваў Яўген, не адмовіўся ад удзелу.

Цырымонія перадачы падарункаў прайшла падчас “фотасушкі”, яшчэ аднаго праекта форуму.

Байкеры на сваіх жалезных конях  прыехалі на плошчу да Палаца культуры. Паказалі ўсім прысутным некалькі трукаў на матацыклах. Затым перадалі дзеткам падарункі.

– Спадзяёмся, што гэта акцыя стане толькі першым нашым знаёмствам з дзеткамі з сацыяльнага прытулку. І мы ўпэўненыя, што ў будучыні наша сяброўства будзе працягвацца, – кажа Яўген.

Самі дзеці былі ў захапленні ад прадстаўлення, што зладзілі для іх байкеры. Пасля акцыі самыя смелыя змаглі пакатацца на матацыкле са сваімі новымі сябрамі.

Намеснік дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра Маладзечанскага раёна Таццяна Шчэбет ад імя ўсіх выхаванцаў падзякавала байкерам за ўвагу да дзетак з прытулку.

          У акцыі ўзялі ўдзел усе маладзечанскія байкеры

У акцыі ўзялі ўдзел усе маладзечанскія байкеры

       Яўген Сергіевіч з выхаванцамі прытулку

Яўген Сергіевіч з выхаванцамі прытулку