Фотавыстава “фотасушка” прайшла ў межах форуму “Час жыць”.

Падчас правядзення выставы на пляцоўцы каля Палаца культуры на прышчэпках развесілі каля 150 фотаздымкаў.

Удзельнікамі  фотаконкурсу выступілі ўсе ахвотныя. Сюжэты фотаздымкаў былі абсалютна розныя, адзіная ўмова для ўдзелу – фотаздымкі добрай якасці.

Адна з удзельніц фотавыставы Вольга Гладкая патлумачыла “Рэгіянальнай газеце”, што галоўнае ў фотаздымках тое, што на іх жыве анёл:

– Мае фотаздымкі таксама прысутнічаюць на выставе. На адным з іх – мой брат са сваім сябрам. Сябар стаіць за спінай майго брата, распрастаўшы рукі. Ідэя фотаздымка ў тым, што нашы сябры – гэта і ёсць нашы анёлы, што ахоўваюць нас і заўсёды прыйдуць на дапамогу.

Пасля закрыцця выставы ўсе ахвотныя змаглі забраць фотаздымак, які ім найбольш спадабаўся. Калі сярод гэтых “шчасліўчыкаў” вы, то не забудзьцеся падзякаваць аўтарам фотаздымкаў. На адваротным баку кожнага здымка аўтары спецыяльна для гэтага пакінулі свае кантакты.