Да поўнага адключэння эфірнага аналагавага вяшчання ў Беларусі засталося 230 дзён. Маладзечанцы будуць у ліку апошніх, каго гэта закране. Аналагавы сігнал тэлевізары ў горадзе перастануць прымаць 15 чэрвеня 2015 года.

Якой была эпоха чорна-белага тэлебачання, чаго чакаць ад лічбавага і колькі яно будзе каштаваць?

Частка 1-я. Настальгічная. Як гэта было?

Многія расказваюць, што ля аднаго тэлевізара збіраліся ўсёй вёскай. Добра, што канал быў адзін, таму спрэчак, што глядзець, не ўзнікала.

Жыхарка вёскі Пяршаі Валожынскага раёна Галіна Бобрык прыгадала, як тэлевізар выключалі праз кожныя 20 хвілін, бо ён пераграваўся. А калі глядзелі фігурнае катанне, то каментатары расказвалі, якога колеру сукенка ў фігурысткі. Тэлебачанне ж было чорна-белае паўсюль.

– Не паўсюль! – не пагаджаецца гаспадар антыкварнай крамы з Маладзечна Юры. – У 1959 годзе ў Мінску выпусцілі тэлевізійны камбайн, які паказваў выявы ў колеры.

Справа ў тым, што ў камплекце да тэлевізара ішла каляровая плёнка, якую можна было прыкладаць на экран, і яна дадавала колер чорна-белай выяве.

Акрамя таго, у гэтым тэлевізары быў пульт, прайгравальнік пласцінак і радыёпрыёмнік.

Частка 2-я. Тлумачальная. Што такое лічбавае тэлебачанне?

Пераход на лічбавае тэлебачанне даўно быў абумоўлены элементарным тэхнічным прагрэсам.

Якасць выявы пры лічбавым тэлебачанні лепшая, чым пры аналагавым. Яно значна зніжае энергаспажыванне абсталявання, якое перадае сігнал.

Дырэктар маладзечанскай тэлевізійнай вяшчальнай сеткі Валянцін Давідовіч патлумачыў, што лічбавае тэлебачанне яшчэ не значыць, што давядзецца выкідваць старыя тэлевізары.

– У горадзе, – кажа Валянцін Паўлавіч, – кабельныя сеткі будуць трансфармаваць лічбавы сігнал у аналагавы.

Гэта значыць, што старыя тэлевізары як працавалі, так і будуць працаваць.

Той, хто не мае дагавора на кабельныя сеткі, вымушаны будзе набыць прыстаўкі ці тэлевізары, якія падтрымліваюць DVBT-фармат.

Частка 3-я. Практычная. Колькі гэта будзе каштаваць?

Сёння прыстаўку DVBT-фармату можна набыць у крамах, дзе прадаюць адпаведную тэхніку. Сярэдняя цана на цюнер складае прыкладна 470 тысяч. На яго, на жаль, растэрміноўка не дзейнічае. Толькі калі набываць больш дарагую прыстаўку, можна атрымаць растэрміноўку на два месяцы.

А як жа правадное радыё?

Ад 1 кастрычніка ў Маладзечне перастане працаваць пра­вадное радыё.

Каб не пазбаўляць прыхільнікаў радыё іх звычкі пачынаць дзень са свежых навін, “Белтэлекам” і крамы прапануюць слухачам набыць радыёпрыёмнікі.