Асноўная мэта праекта ЮНЕСКА, у межах якога ад 19 да 26 верасня Маладзечна наведалі нямецкія госці, – абмен вучнямі паміж гімназіяй з горада Гётынген і маладзечанскай школай №5.
Сёлета ўпершыню за 17 гадоў на шасцімесячную стажыроўку ў Германію адправілі дзвюх вучаніц: Крысціну Клімовіч і Юлію Хвясечку.
− Мы з Юляй падалі заяўкі і напісалі рэзюмэ, − распавядае Крысціна. − Якім жа было наша здзіўленне, калі нам абедзвюм уручылі запрашэнні на навучанне! Як патлумачылі пазней, госці ацанілі ў нас добрае валоданне нямецкай мовай, камунікабельнасць і актыўнасць.
Тыдзень падарожжа па Беларусі запомніўся школьнікам з Германіі цікавай праграмай, гасціннасцю і ветлівасцю людзей, а таксама сонечным надвор’ем. Экскурсіі па горадзе, пікнік, аквапарк, пейнтбол, більярд, боўлінг, сустрэча з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Інай Драпезай − толькі частка культурнай праграмы.
У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” яны наведалі выставу дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці, пасля чаго педагогі цэнтра Святлана Бялова, Наталля Сівая і Вольга Маслава запрасілі на майстар-класы. На іх кожны мог сам зрабіць сабе сувеніры: паштоўкі з выявай герба Маладзечна, абрадавыя лялькі, якія прыносяць поспех.
Педагогі, якія ўдзельнічалі ў праекце. Фота Серафімы Жукоўскай.
Падлеткі жылі ў сем’ях, у якіх ацанілі добразычлівасць і разнастайнасць ежы. Найбольш спадабаліся беларускія чыпсы, глазураваныя сыркі, халва і салодкі батончык.
− Мне паездка вельмі спадабалася, − падзялілася ўражаннямі 14-гадовая госця з Гётынгена Мары Грэмлер. − Маладзечна ўразіла разнастайнасцю колераў. У Залессі пазнаёміліся з жыццём і творчасцю вялікага кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага. Якая ў яго прыгожая музыка!
Мары Грэмлер. Фота Серафімы Жукоўскай.
Вучні і педагогі з Германіі падчас свайго знаходжання ў Маладзечне перадалі ў дзіцячую бальніцу 1500 тэст-палосак для дзяцей, хворых на цукровы дыябет.
Нямецкі гімназіст дэманструе свой выраб. Фота Серафімы Жукоўскай.
Крысціна Клімовіч, Мары Грэмлер, Святлана Бялова. Фота Серафімы Жукоўскай.