Такі вынік сезона абумовіў пройгрыш ў апошнім матчы камандзе з Рагачова.

Фотагалерэя месціцца справа ўверсе. Каб павялічыць здымак, націсніце на яго.

Апошні шанс сёлета ўбачыць каманду ў гульні была ў маладзечанцаў 5 кастрычніка. На жаль, толькі 67 чалавек скарысталі гэту магчымасць. Менавіта столькі людзей сабралася ў нядзельны дзень на стадыёне.

Апошняя гульня не прынесла задавальнення ні гульцам, ні аматарам футбола.

Праз паўгадзіны актыўных атак гульні саперніка, у маладзечанцаў усё ж такі атрымалася вырвацца наперад намаганнямі Алега Галаўнёва. Аднак радаваліся падначаленыя Дзмітрыя Ганчарова, які быў у гэтай гульні таксама на полі, нядоўга. Ужо праз сем хвілін, атрымаўшы пенальці, лік гульні стаў нічыйным.

Пяць хвілін спатрэбілася футбалістам “Дняпра”, каб зрабіць лік на сваю карысць.

Другі тайм прайшоў зноў на палове маладзечанцаў, але штанга варот двойчы ратавала ФК “Маладзечна-2013” ад непазбежнага фіяска.

І толькі ў канцы другога тайма, калі ішла 90-я хвіліна, рагачоўцы ўсё ж паставілі кропку ў гэтай гульні. Фінальны лік матча – 3:1.

Такім чынам, ФК “Маладзечна-2013” скончыў сезон на 16-м радку з 24.

Перад пачаткам гульні фанаты выбралі свайго фаварыта.

Лепшым футбалістам сезона па версіі аматараў стаў Андрэй Лявончык.

– Вядома, прыемна атрымаць такое прызнанне свайго ўнёску ў гульню каманды, – гаворыць Андрэй.

Андрэй Лявончык падкрэсліў, што адказнасць павінна быць у кожнага гульца ў камандзе як на гульнях, так і падчас трэніровак.

На жаль, не ўсе гульцы змогуць пахваліцца сваёй дысцыплінаванасцю і адказнасцю. У апошняй гульні сезона на полі адсутнічалі вядучыя гульцы каманды. Дыскваліфікаваны за размовы з суддзёй Андрэй Шаблінскі, гульні ў складзе каманды ДЮСШ аддалі перавагу Юры Бугай і Прохар Новікаў. Асабістым жыццём заклапочаны больш, чым гульнёй, Павел Суман.

– Канец сезона, – кажа Андрэй Лявончык, – асаблівая тэма. Перасталі трэніравацца, кадравыя праблемы ў камандзе прывялі да таго, што на поле вымушаны былі выходзіць трэнер каманды Дзмітры Ганчароў і варатар Павел Мілеўскі.

Нагадаем, што Андрэй Лявончык прыйшоў у каманду ў пачатку гэтага сезона памочнікам трэнера, а не гульцом. Праз пэўны час, набраўшы форму, Андрэй пачаў выходзіць у стартавым складзе.

– Вы кажаце, што я ўлюбёнец каманды? Гэта не так, у нашых фанатаў улюбёнцы Сяргей Тарчыла і Андрэй Шаблінскі.

Пасля заканчэння апошняга матча самы час запытацца ў дырэктара клуба Аляксандра Любанца пра вынікі сезона і планы на 2015 год.

– У параўнанні з мінулым сезонам, у гэтым мы выраслі. У сезоне 2013 года мы занялі 11-е месца з 13. Сёлета ўжо 16, але з 24 камандаў.

Спрыялі гэтаму выніку рэгулярныя трэніроўкі. Але лепшым стымулам для гульцоў усё ж такі застаюцца грошы. Няма матывацыі – няма выніку.

Што датычыцца планаў на наступны сезон, яны ў Аляксандра Любанца аптымістычныя. Жаданне займацца камандай у яго не знікла.

Але ўсе кропкі над “і” павінен паставіць старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец. Сустрэча з ім у кіраўніцтва ФК “Маладзечна-2013” прызначаная на наступны тыдзень.

Пакуль у гісторыі ФК “Маладзечна-2013” стаіць шматкроп’е. Магчыма, зноў спатрэбіцца дапамога аматараў. Нагадаем, што сёлетні лёс каманды вызначыла петыцыя, якую адправілі ў Федэрацыю футбола заўзятары гульні. Магчыма, каманда будзе існаваць, а яшчэ цалкам верагодны варыянт, што інтарэсы горада на рэспубліканскіх спаборніцтвах будзе адстойваць каманда ДЮСШ.

А што думаеце пра лёс ФК “Маладзечна-2013” вы, чытачы-аматары? Пакідайце свае каментары на сайце.