Праца накіраваная на ўдасканаленне экалагічнай дзейнасці і паляпшэнне экалагічнай сітуацыі ў раёне. Галоўным этапам рэалізаваных мерапрыемстваў з’яўляецца стварэнне мясцовага экалагічнага плана дзеянняў для Вілейскага раёна (МЭПД).

У ім прадстаўлены патэнцыял і разнастайныя асаблівасці і перавагі Вілейшчыны – пачынаючы з геаграфічнага становішча і заканчваючы прыроднымі багаццямі.

А таксама інфармацыя аб стане навакольнага асяроддзя і спецыфіцы прыродаахоўнай дзейнасці ў раёне. Гэтыя звесткі сталі адпраўнымі пры распрацоўцы плана дзеянняў.

Чым карысны дакумент

Ён дапаможа больш актыўна задзейнічаць прыродныя канкурэнтныя перавагі Вілейскага раёна. Перш за ўсё – выгаднае геаграфічнае становішча, унікальны экалагічны патэнцыял. Гэта і наяўнасць самага буйнога штучнага вадаёма Беларусі – Вілейскага вадасховішча, а таксама аднаго з найбуйнейшых прытокаў Нёмана – ракі Віліі, лясістасці тэрыторыі (больш за 40% тэрыторыі займаюць лясы).

Самай галоўнай задачай з’яўляецца тое, каб развіццё раёна не наносіла шкоды навакольнаму асяроддзю, а таксама зберажэнне ўнікальнай экасістэмы Вілейшчыны і рацыянальнае выкарыстанні біярэсурсаў.

Пры падтрымцы з боку Рэгіянальнага экалагічнага цэнтра, з улікам апытання грамадскай думкі раённыя працоўныя органы па стварэнні МЭПД падрыхтавалі канцэпцыю мэтавага развіцця экалагічнай сітуацыі на Вілейшчыне.

У выніку вызначылі ў якасці прыярытэтных наступныя напрамкі: якасць пітной вады, водаадвядзенне, кіраванне камунальнымі адходамі, стан зялёных насаджэнняў і асабліва ахоўных прыродных тэрыторый.

Дзе азнаёміцца з планам

Больш дэталёва з мясцовым экалагічным планам дзеянняў прапануем азнаёміцца на сайтах http://vilmuseum.by/services/information-center/information-center_34.html ці  http://vileyka.minsk-region.by/ru/anons_sobytij/okt.

Да 12 кастрычніка просім жыхароў Вілейшчыны дасылаць свае водгукі, канструктыўныя заўвагі і прапановы для мясцовага экалагічнага плана дзеянняў Вілейскага раёна. Іх разгледзяць і прымуць да ўвагі пры падрыхтоўцы выніковай рэдакцыі.

Паведамленні можна дасылаць на электронную скрыню mepd_vil@mail.ru альбо па адрасе 222410, Вілейка, вул. Партызанская, 44, раённы Савет дэпутатаў. Неабходна ўказаць у водгуках сваё поўнае імя і месца жыхарства. У радку “тэма” альбо на канверце пазначце “Прапановы для МЭПД”.


Даведка “РГ”. Ініцыятыва рэалізуецца ў рамках праграмы “Узмацненне мясцовага экалагічнага планавання і экалагічнай грамадзянскай супольнасці ў Рэспубліцы Беларусь і Малдовы ў 2012-2014 гг.” (праграма STREAM). Кіраўніцтва праграмай забяспечвае Рэгіянальны экалагічны цэнтр для Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, фінансаванне – Шведскае агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця (Sida).