Напачатку нашых наведнікаў чакала сур’ёзная частка: вывучалі тэматычны слоўнік і бралі новую тэму па граматыцы. На гэты раз – сінонімы.

Пасля слухачоў чакала размінка. Кожны ахвотны змог адчуць сябе акцёрам. Пачалі з самага лёгкага – пастаноўкі казкі “Рэпка”.

У версіі казкі ад вядоўцаў “Мовы Нанова” рэплікі былі ва ўсіх герояў. Нават у самой Рэпкі, якая павінна была кожны раз разводзіць рукамі і гаварыць: “А вось і я”.

У той час, калі дзед з сям’ёй прыходзіў яе вырываць. Аднак у той момант, калі па Рэпку прыйшла ўжо Котка, Рэпка не па сцэнары закрычала: “Я на ўсё гатовая!”. 

У творчым заданні кожны сам змог не толькі адчуць сябе акцёрам, але і рэжысёрам. Таму што трэба было не толькі сыграць ролю, але і прыдумаць такі сюжэт казкі, які быў бы зразумелы кожнаму гледачу. Таму што па ўмовах творчага задання пастаноўка была без слоў.

Узяўшы тэму тэатра, мы не маглі абысціся без тых, для каго гэта не проста захапленне, а лад жыцця. Да нас у госці завіталі маладзечанскія акцёры Алег Чэчанеў і Павел Святоха.

І ў лепшых традыцыях сустрэча з імі пачалася з пытанняў. Адным з якіх было: “Ці прыгадаеце вы самы кур’ёзны выпадак, які здарыўся з вамі на сцэне”.

Алег Чэчанеў успомніў адразу два. Першы здарыўся з ім у спектаклі “Золушка”. І хаця сам спектакль ішоў па-беларуску, называўся ён менавіта так. 

У той момант, калі Кароль у выкананні Алега Чэчанева павінен быў прапанаваць сваім падначаленым пагуляць у фанты, Кароль раптам закрычаў: “Фанты мне!”.

Ужо пасля спектакля акцёр, што выконваў ролю прынца, спытаў у Алега: “Можа, вам у наступны раз яшчэ пэпсі падаць?”.

А ў другі раз ішоў спектакль “Верная жонка”. У сур’ёзным драматычным моманце герой Алега павінен быў пытацца ў галоўнай гераіні: “Ну пакажыце хоць кроплю жалю”. Аднак, як прызнаўся сам акцёр, у галаве нешта замкнула і ён вымавіў: “Ну пакажыце хоць жоплю кралю”. Публіка папаўзла з крэслаў. 

Наступныя заняткі “Мовы Нанова” пройдуць у панядзелак, 13 кастрычніка. Тэма – спорт. Запрошаны госць – музыка, саліст гурта “Handmade” Яўген Валошын.

Увага! Заняткі пачынаюцца а 18-й гадзіне. Месца – “Накат” (ГЦ “Тройка”, 4-ы паверх).

Калі вы не былі на папярэдніх занятках, прыходзьце. Можна пачынаць з любога.