Пасля знаходкі кавалерыйскай шаблі часоў вайны 1812 года ў вёску Шылавічы на Вілейшчыне прыязджаюць не толькі журналісты, але і аматары пашукаць старыя рэчы.
Знайшлі шаблю 20 верасня. Вольга Субота з Шылавічаў прыгадвае:
– Ішла, убачыла ў парку купку дзяцей: два першакласнікі і тры дзяўчынкі большыя. Папрасілі дапамагчы: “Мы не можам дастаць”. Гляджу: нейкую рэч напалову дасталі, але яна за карані чапляецца. Самы маленькі з дзяцей – Данік – збегаў за лапатай. Адсеклі карані і дасталі. “О, гуляць будзем”, – кажуць малыя. А я так машынальна: “Гэта, пэўна, у музей трэба”.
Дзеці пагадзіліся. Толькі папрасілі сфатаграфавацца са знаходкай.
Знайшлі шаблю з ножнамі ля пня ад вялізнай ліпы.
– Мо год дзвесце той ліпе было, – кажа Вольга. – Такая тоўстая! Ледзьве яе спілавалі.
Дома дачка па манаграме на шаблі знайшла ў інтэрнэце, што ёй – больш за два стагоддзі.
На манаграме ініцыялы Жэрома Банапарта – караля Вестфаліі і малодшага брата Напалеона Банапарта. У 1812 годзе Жэром Банапарт камандаваў адной з частак французскай арміі.
Шаблю хацелі купіць
Дзеці адразу расказалі пра знаходку, выклалі здымкі ў сацсеткі. Неўзабаве сталі тэлефанаваць ахвотныя яе набыць. Але ж шаблю, як і вырашылі адразу, перадалі супрацоўнікам Вілейскага краязнаўчага музея.
Рэакцыя на гэта людзей была розная, кажа Вольга:
– Хто казаў, чаму сабе не забрала, а аддала дзяржаве. Іншы гаворыць, што так як зрабілі – самы лепшы варыянт.
Вольга спадзяецца, што дзяцей заахвоцяць за знаходку.
“Тут ужо акопы нарытыя ў нас”
Шабля выклікала цікаваць не толькі ў музейных работнікаў. Хтосьці – можа, “чорныя капальнікі” – спрабуе паўтарыць поспех дзяцей.
– Тут ужо акопы нарытыя ў нас, – кажа Вольга Субота. – Вечарам, ноччу – невядома хто капае.
Ці трафей ці пахаванне
Шабля з-за доўгага знаходжання ў зямлі пакрылася іржой, але засталася вострай.
– Пакуль дакладна немагчыма сказаць, як яна там аказалася. Магчыма, гэта шабля трафейная ці сувенірная, – патлумачыла старшы навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея Вольга Коласава. – Тут да 1939 года быў маёнтак, а каля гэтага месца стаяў сядзібны дом. А мажліва, тут было воінскае пахаванне: армія Напалеона двойчы праходзіла праз тэрыторыю Вілейшчыны. У любым выпадку знаходка мае гістарычную каштоўнасць.
Шаблю аддадуць на рэстаўрацыю, каб потым яна папоўніла экспазіцыю музея.