Колькі можна атрымаць за гэта грошай і куды здаюць яблыкі нарыхтоўшчыкі.

У рэдакцыю “Рэгіянальнай газеты” патэлефанаваў чытач Аляксандр Цадко з Лебедзева. Ён разам з жонкай сабраў паўтары тоны яблыкаў. Дамовіўся здаць іх у “Маладзечнагандль”. Абяцалі забраць іх у панядзелак.

Яблыкі не будуць чакаць, пакуль іх забяруць, – згніюць

Пад дажджом муж і жонка цягалі мяхі з яблыкамі на вуліцу, каб было больш зручна забіраць. Аднак ніхто па іх не прыехаў. У аўторак жонка ўвесь дзень чакала машыну, якая так і не прыйшла. На званкі Аляксандра не адказвалі. У сераду ён пачаў шукаць дапамогу праз “Рэгіянальную газету”.

– Шкада яблыкаў – гніюць! – з крыўдай у голасе гаворыць чытач “РГ”. – Яшчэ некалькі дзён, і трэба будзе думаць не пра тое, каб здаць яблыкі. А пра тое, дзе знайсці людзей, каб выкінуць гэта гніллё. Ды і не кожны пагодзіцца на такую работу.

Як адзначыў Аляксандр, ён не адзіны ў Лебедзеве, хто не можа здаць яблыкі. 

“Не было выпадкаў, каб у чалавека не прынялі яблыкі”

У Маладзечне прымаюць яблыкі два прадпрыемствы – Маладзечанскае райспажыўтаварыства і “Маладзечнагандаль”.

Галіна Далінкевіч, першы намеснік старшыні Маладзечанскага райспажыўтаварыства, патлумачыла:

– Мы прымаем яблыкі ва ўсіх, хто звяртаецца да нас. Калі, напрыклад, уся тэхніка занятая, то прызначаем чалавеку пэўны час, – адзначае спецыяліст. – У нас не было выпадкаў, каб у чалавека ўвогуле не прынялі яблыкі. Калі машына не паспявае прыехаць, чалавеку тэлефануюць, тлумачаць, што здарылася,  прызначаюць іншы час.  

Каб вырашыць праблему, спецыяліст прапанавала чытачу звярнуцца ў райспажыўтаварыства.

Галіна Далінкевіч адзначае, што выпадкаў, калі яблыкі гніюць, вельмі мала. А вось рас­паў­сю­джаная з’ява, калі замест яблыкаў здаюць камяні.

За дзень райспажыўтаварыства збірае 25-30 тон яблыкаў. Усяго на канец верасня нарыхтавалі 1400 тон.

Сабраныя яблыкі здаюць на харчовыя камбінаты ў Весялова, Ілава, Маладзечна, таксама на агракамбінат “Сноў”. Камбінаты плацяць па 300 рублёў за кілаграм.

Часам тэхніка прастойвае

Людміла Смалянка, намеснік дырэктара “Маладзечнагандалю”, адзначыла:

– Наша арганізацыя здае яблыкі на харчовы камбінат у Маладзечне. Аднак цяпер на ім не працуе прэс. Таму не заўсёды мы можам здаваць вялікія аб’ёмы яблыкаў. Здараецца часам такое, што трактары прастойваюць. Таму сярод людзей устанавілі чаргу.

Раней “Маладзечнагандаль” здаваў яблыкі на “Піўзавод Аліварыя”, на спіртагарэлачны завод “Аквадзіў”. Аднак сёлета гэтыя прадпрыемствы не прымаюць яблыкі.

Ала Насякайла, намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях Маладзечанскага харчовага камбіната, адзначае:

–   Дзень на дзень не прыходзіцца. У адзін дзень могуць здаць 15 тон яблыкаў, а ў другі – 50.

Яны ідуць на кансервы, на віно. Частку з іх замарожваюць, частку адкладаюць на захоўванне.