У сярэднім чалавек праводзіць восем гадзін на рабоце. Гэта трэцяя частка ад сутак. Таму вельмі важна, каб падабалася, прыносіла задавальненне. Толькі ў гэтым выпадку яна будзе эфектыўнай і карыснай.

Гэтымі словамі пачаў майстар-клас Дзмітры Навіцкі “Знайдзі СВАЮ работу” ў межах моладзевага форуму “Час жыць”. Вядучы даў тэарэтычныя парады, з чаго трэба пачы­наць пошук, дзе шукаць работу, як пісаць рэзюмэ. Адзначыў  тыповыя памылкі пры ўладкаванні.

– Перш чым пачаць пошук, чалавек павінен адказаць сабе на тры пытанні, – заўважае Дзмітры Навіцкі. – Чаго хачу для сябе? Чаго хачу для сваёй сям’і, блізкіх лю­дзей? Чаго чакаю ад работы?

Чалавек павінен ўяўляць, дзе будзе працаваць

Мэта, якую чалавек ставіць перад сабой, павінна заўсёды візуалізавацца. Варта паспрабаваць уявіць працоўнае месца, убачыць сябе на ім нібы збоку.

– Важна ведаць, – адзначае вядучы майстар-класа, – праз які час мы хочам дасягнуць сваёй мэты. Шчыра адказаць сабе на пытанне, што мы не зрабілі для гэтага. Вызначыць прычыны, якія перашкаджаюць.

Як сказаць пра вашыя “хачу”

Пасля тэарэтычнай часткі аднаму з удзельнікаў майстар-класа прапанавалі паспрабаваць моўна выказаць свае жаданні наконт работы. 

Дзмітры Навіцкі прааналізаваў тыповыя памылкі ў адказах удзельніка.

– У мэце не павінна быць адмоўя “не”, – адзначае вядучы. – Усе вашы “хачу” павінны быць толькі ў сцвяр­джальнай форме: я хачу, я буду працаваць. 

Карысныя парады Дзмітрыя Навіцкага пры напісанні рэзюмэ

1. Калі вы пішаце пра досвед работы, трэба пачынаць з інфармацыі пра месца, дзе працавалі апошні раз.

2. Пра ваш характар раскажа хобі. Гэта нашмат лепш ахарактарызуе вас, чым стандартныя азначэнні кшталту працавітая, старанная.

3. Фотаздымак не павінен быць такім, як на пашпарце. Лепш тое фота, якое падабаецца вам і вашым блізкім.

4. Калі вы шукаеце першае месца працы, рэзюмэ не павінна быць большым за адну старонку фармата А4. Калі рэзюмэ дасылае чалавек з досведам работы, можна пісаць да дзвюх старонак

5. Тэкст неабходна разбіць на часткі, каб было зручна чытаць.

6. Дасягненні і рэкамендацыі выдатна пакажуць вас.