Валеры Дуровіч з Крывога Сяла ў сярэдзіне верасня вярнуўся з сусветнага чэмпіянату лесарубаў у Швейцарыі. Чаму для яго Беларусь лепшая, чым Швейцарыя, і якога талісмана камандзе не хапала на спаборніцтвах?

Ляснік Куранецкага лясніцтва ўзяў удзел ужо ў трэцім чэмпіянаце свету. Асабліва ўдалым выдаўся другі, які праходзіў два гады таму ў Беларусі. Тады ў асабовым заліку Валеры заваяваў серабро і бронзу, а каманда заняла трэцяе месца. А вось у Швейцарыі трапіць у прызёры не ўдалося.

– Можа, пералёт сказаўся ці не адаптаваліся да горнага клімату – не ведаю. Не наш дзень быў. Усё да аднаго склалася, плюс маленькае нешанцаванне, – кажа Валеры.

У спаборніцтвах лесарубаў  на такім узроўні – усё, як у вялікім спорце. І любая, на наш погляд, дробязь можа мець вырашальнае значэнне.

– Там біябензінам карысталіся, а не сваім. Мы трэніруемся на 98-м бензіне, з ім піла хутчэй рэжа. А  ўсё ж вырашаюць нават не секунды, а долі секунды.

Удзельнікі сусветнага чэмпіянату спаборнічалі ў пяці дысцыплінах. Яны ўключаюць у сябе валку дрэва на дакладнасць, замену ланцуга на піле і іншае.

– Які самы любімы від?

– Абразанне сукоў. На бервяне забіваюць пад рознымі вугламі 30 сукоў. Трэба іх абрэзаць хутка, дапілаваць да канца, выступаў не пакінуць. У рэспубліцы па гэтым першы, рэдка хто можа абагнаць. І цяпер думаў узяць медаль. Абрэзаў сукі хутка, аднак два штрафы атрымаў.

У камандным заліку чэмпіянату перамагла зборная Германіі. Беларусы сталі пятымі з 30 краін. Нядрэнна, але меркавалі, што будзе лепш.

– У нас моцная каманда. Нас ужо ведаюць і паважаюць.

Да тытула чэмпіёна ішоў дзевяць год

Пачаў Валеры сваю спартыўную кар’еру са спаборніцтваў Вілейскага лясгаса.

– Штосьці разумеў, штосьці не – першы ж раз прыехаў. Удалося: паваліў дрэва на калок (ён у 15 метрах ставіцца, і трэба пастарацца на яго дрэва паваліць). Заўважылі, прапанавалі на больш высокім узроўні ўдзельнічаць. Стала атрымлівацца. І злосць спартыўная з’явілася: хочацца яшчэ лепш выступіць.

Трэніруецца ён звычайна пасля працы, у свой асабісты час. Толькі перад чэмпіянатам свету на месяц вызваляюць ад працы.

Хоць у Валерыя шмат узнагарод з міжнародных спаборніцтваў, ён усё ж асабліва выдзяляе тытул чэмпіёна Беларусі.

– Так атрымлівалася, што за мяжой выступаў лепш, чым на рэспубліцы. У Расіі шмат медалёў заваяваў, у Эстоніі, Літве. А вось дома – нейкае нешанцаванне было. Усё не ўдавалася стаць чэмпіёнам, то “серабро”, то “бронза”. А сёлета нарэшце перамог. Спатрэбілася на гэта дзевяць год.

Без Біма няма шанцавання

Ёсць у каманды свой талісман – паляўнічы сабака Бім. Сябра Віктар Зарэмба са Смалявічаў возіць яго на спаборніцтвы.

– Каб мы ўзялі Біма з сабой ў Швейцарыю, нам бы болей пашанцавала, – усміхаецца Валеры. – Ён суправаджае каманду на спаборніцтвах у Беларусі. Дзе бралі Біма з сабой, заўсёды добра выступалі. Але ж у Швейцарыю яго не возьмеш.

У прамежках паміж спаборніцтвамі ўдалося крыху паглядзець альпійскую краіну. У захапленні застаўся ад працавітасці  людзей, якія займаюцца сельскай гаспадаркай: як яны ўмудраюцца ў гарах жывёлу пасвіць.

– Але хай бы там і прапанавалі застацца, далі працу – не. Папраўдзе, наша Беларусь лепшая. Гэта ж – Радзіма, дом, – падсумоўвае Валеры.

Так, хоць Швейцарыя падалася яму цудоўнай і прыгожай краінай, па Беларусі за чатыры дні ляснік паспеў засумаваць.