Паводле статыстыкі, у Мала­дзечне жыве каля 15 тысяч чалавек з псіхічнымі хваробамі, сярод іх каля тысячы – на шызафрэнію.

Я доктар-псіхіятр-нарколаг. Адзін з маіх пацыентаў пра сэнс жыцця сказаў: “Жыццё − гэта не толькі жыць”. Адначасова ў гэтай фразе можна знайсці схаваны сэнс і ў той жа час не бачыць яго.

Калі кот ідзе супраць сонца, будзе бяда

Упершыню я пазнаёміўся з маім пацыентам Аляксеем, калі ён звярнуўся ў псіханеўралагічны дыспансер, каб атрымаць дазвол мець зброю.

Падчас гутаркі ён патлумачыў:

− У маім двары жыве няпросты чорны кот. Калі я бачу, як ён праходзіць праз двор па га­дзіннікавай стрэлцы, то ўсё добра. Але калі ён ідзе справа налева, то ў гэты дзень здараецца дзесьці страшаная бяда, і ў навінах па тэлевізары пакажуць землятрус, цунамі ці ўраган. Злавіць ката я не магу. Вось і хачу застрэліць, каб выратаваць свет і людзей.

Аляксей хварэе на псіхічнае расстройства – шызафрэнію. Сёння я хачу распавесці пра гэту хваробу, а таксама, як з ёй можна жыць.

10 кастрычніка –− Сусветны дзень псіхічнага здароўя.

Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, на псіхічныя расстройствы пакутуюць 12-15% дарослага насельніцтва. Мяркуецца, што ў Маладзечне з насельніцтвам 100 тысяч чалавек 12-15 тысяч жыхароў маюць душэўныя хваробы.

Лічыцца, што на шызафрэнію хварэе 1% дарослага насельніцтва. Паводле гэтай статыстыкі, у Маладзечне можа быць 1000 пацыентаў з гэтай хваробай.

Што можа выклікаць шызафрынію, складана здагадацца. Фота poxteer.com

Што можа выклікаць шызафрынію, складана здагадацца. Фота poxteer.com

Шызафрэнія − хранічнае псіхічнае захворванне. Праўда ў тым, што захварэць на яго можа практычна любы. Праявы самыя розныя: хтосьці бачыць іншапланецян, хтосьці адчувае ўнутры цела датчыкі ці чуе галасы ў галаве, хтосьці ўпэўнены, што за ім сочаць спецслужбы.

Бывае, што чалавек рэзка мяняе паводзіны, замыкаецца ў сабе, перастае падтрымліваць сувязь з блізкімі. Ва ўсіх выпадках перамены ў паводзінах відавочныя, улавіць іх логіку немагчыма. Менавіта праз непрадказальнасць іншыя баяцца хворых на шызафрэнію. У іх іншы тып мыслення, так званая “крывая логіка”.

Менавіта такой логікай і кіраваўся Аляксей да сустрэчы з псіхіятрам, калі будаваў планы, як выратаваць свет.

Да пацыента з шызафрыніяй вярнулася жонка

Дактары-спецыялісты дапамагаюць хворым знайсці лекі, які дазволяць жыць, як ўсе.  Так і Аляксею падабралі нейралептыкі.

Цяпер ён працуе, а раз на два месяцы наведвае доктара. Часам вясной ці восенню ён крыўдуе, што чатыры гады таму я не падпісаў яму даведку на зброю. Для мяне гэта знак спытацца, ці не забывае ён прымаць лекі. Гэта можа быць сігналам, што стан пагоршыўся.

А 1 верасня да яго вярнулася жонка. На апошнім візіце яны былі разам. Аксана, яго жонка, сказала тады:

− Жыць можна і з шызафрэніяй. Паспрабуем жыць шчасліва, хоць і з таблеткамі.

Да псіхічных расстройстваў у грамадстве доўгі час ставіліся па-асабліваму. Пра іх не гавораць з сябрамі, не расказваюць самі і не пытаюцца ў іншых. Часам такая хвароба становіцца нейкім ярлыком.

За апошнія 10 год у грамадстве пачалі больш цярпліва ставіцца да псіхічнахворых, а самі яны больш свабодна звяртаюцца па дапамогу да спецыялістаў.