Два жыхары Вілейскага раёна пабілі трэцяга, Аляксея, і ўтрымлівалі яго на чужой кватэры. А потым яго адвялі дамоў на прывязі.
Пачалася ўсё з таго, што ў знаёмага з іх кампаніі зніклі грошы. Ён чамусьці падумаў, што гэта зрабіў Аляксей. 53-гадовы Дзмітры і 50-гадовы Леанід (імёны змененыя) узяліся яму дапамагчы.
У маладзейшага за іх Аляксея яны ўзялі распіску, што аддасць грошы.
“Будзеш сядзець тут, пакуль не вырашу, што рабіць”
Калі Аляксей папрасіў адпусціць яго, Дзмітры сказаў прыкладна так: “Як толькі пойдзеш з кватэры, ты ж абавязкова звернешся ў міліцыю. Раскажаш, што мы цябе пабілі. Будзеш сядзець тут, пакуль не вырашу, што рабіць”.
Такім чынам у кватэры дома па вуліцы Камарова ў Вілейцы ноччу 27-28 лістапада ад 23:30 да 4:30 Дзмітры і Леанід з пагрозай прымянення насілля супраць волі ўтрымлівалі віляйчаніна Аляксея, абмежавалі яго перамяшчэнне. Даводзілі, што ўсялякая спроба збегчы толькі нашкодзіць яго здароўю. Абодва былі п’яныя.
Адразу забараняў ісці з кухні Леанід. Потым ён разбудзіў Дзмітрыя, каб той наглядаў за мужчынам.
Каб неяк выбрацца з кватэры, Аляксей прапанаваў: “Пойдзем разам да мяне дамоў, маці дасць грошы”.
Дзмітры адарваў кавалак электрычнага кабелю і прывязаў руку пацярпелага да сваёй. Так на прывязі і прывёў яго дадому. Вёў па вуліцах начнога горада каля паўгадзіны.
Але з кватэры выйшаў бацька пацярпелага і прагнаў Дзмітрыя.
Дома Аляксею, якога збівалі, стала кепска. Выклікалі “хуткую дапамогу”, і так пра здарэнне даведаліся ў міліцыі.
Версія: прывязаў, каб Аляксею было лягчэй ісці
Адбылося гэта ў лістападзе мінулага года.
Сёлета 25 жніўня адбыўся суд. Леанід цалкам прызнаў сваю віну, чыстасардэчна раскаяўся.
Дзмітры абараняўся такой версіяй. Ён не ведае, што рабіў напарнік да таго, як разбудзіў яго. А пацярпелага прывязаў па яго просьбе, каб таму было лягчэй ісці.
Суд гэтай версіі не паверыў і пагадзіўся з прад’яўленым абвінавачваннем. А з улікам таго, што ў Дзмітрыя ўгледзелі небяспечны рэцыдыў злачынстваў, яму прызначылі пакаранне – тры гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.
Леанід з улікам раскаяння атрымаў два гады ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Яго накіруюць на прымусовае лячэнне ад алкагалізму.
Па амністыі абодвум пакаранне зменшылі на год.
Дзмітры раней судзімы дзевяць разоў, пераважна за крадзяжы. Леанід – двойчы.
Пра гэта распавёў намеснік пракурора Вілейскага раёна Віктар Гатоўка.