Апоўдні ў нядзелю, 5 кастрычніка, да возера Мястра набліжалася купка дзяцей. Ішлі не любавацца восеньскай прыгажосцю. Яны разам з тысячамі людзей з 40 краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі ўдзельнічалі ў Еўрапейскіх днях назірання за птушкамі.
Дзеці пільна ўглядаліся ў біноклі, параўноўвалі ўбачаных птушак з карцінкай на адмысловай паштоўцы. А калі якую не ведалі, то пыталіся ў старшыні Мядзельскага раённага аддзялення грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Алены Паршуты.
Браты Паша і Мікіта Бернякі ўзялі з сабою нават вялізную энцыклапедыю пра птушак.
– У ёй шмат птушак апісана. І наогул, гэта адна з самых маіх любімых кніжак гэтай серыі, – тлумачыць Паша.
Прайшліся дзеці ля возера Мястра, па гарадскіх вуліцах і да ракі Дробня. Адразу ж запісвалі назіранні – пералік відаў і колькасць птушак. Інфармацыю пра назіранні потым перадалі ў цэнтральны офіс “Аховы птушак Бацькаўшчыны”.
Лідар па назіраннях на Мядзельшчыне – качка-крыжанка
За два дні на Мядзельшчыне, 4 і 5 кастрычніка, 84 чалавекі прынялі ўдзел ў Еўрапейскіх днях назірання за птушкамі. У райцэнтры наладзілі тры экскурсіі для мядзельскіх вучняў, працавала назіральная пляцоўка, расказала Алена Паршута. Таксама некаторыя паведамлялі пра назіранні па тэлефоне і ў сацсетках. Усяго ўбачылі 21 від птушак. Найчасцей – качку-крыжанку.
У Беларусі ў Еўрапейскіх днях назірання за птушкамі удзельнічалі больш за 1700 чалавек. За два дні ім удалося ўбачыць 116 відаў птушак. А найчасцей сустракаліся грак, каўка і шпак звычайны.