Сёння ўсе мамы рыхтуюцца атрымліваць віншаванні і падарункі. Але кожная жанчына ведае, што не бывае бесклапотнага мацярынства. Сваімі сакрэтамі, як пераадольваць розныя цяжкасці, падзялілася наша гераіня.

Маладзечанка Святлана Лобан разам з мужам Дзмітрыем мае дваіх дзяцей. Малодшая дачка працуе ў аптэцы. Старэйшы сын, Паша, дапамагае маме па доме. Ён інвалід.

Жанчына не ўспрымае хваробу як прыгавор, але і не мае ілюзій, што яна знікне. Яна прыняла праблему і вучыць сына працаваць.

− Паша − мой памагаты, − распавядае жанчына пра сына. − Ён мне заўсёды кажа: “Мама, ты дзяўчынка, табе няможна цяжкае насіць”. Ён вясёлы, вельмі добры. Мы навучылі яго працаваць. Летам займаемся на лецішчы.

Для дзіцяці ўсё пачынаецца ад мамы, у тым ліку і дапамога, упэўненая Святлана. А калі здараюцца праблемы, то заўсёды можна знайсці тых, хто зможа іх вырашыць. Па некаторых пытаннях жанчыне вельмі дапамаглі кан­сультацыі псіхолага:

− У некаторых сітуацыях я ж таксама не ведаю, як сябе паводзіць. А псіхолаг можа падказаць, якія варыянты рашэння могуць быць.

Міжнародны Дзень маці святкуюць 14 кастрычніка.

Святлана лічыць надзвычай важным, каб сем’і, у якіх ёсць дзеці з асаблівасцямі, аб’ядноўваліся, разам бавілі вольны час. Так мамы і таты адзін у аднаго вучацца.

− Калі ты сядзіш замкнёны ў сваім пакоі, пачынаеш накручваць, які ж бедны і нешчаслівы, − дзеліцца Святлана. − А прыходзіш і сустракаеш людзей з такімі ж праблемамі, якія вырашаюць іх, то знаходзіш сілы і ў сабе.

Паша Гогуш. фота Наталлі Тур.

Паша Гогуш. фота Наталлі Тур.

За сваё цярпенне маці атрымае ўзнагароду

Жанчына прыгадвае, наколькі складана было прыняць навіну, што яе дзіця − інвалід. Кожны знаходзіць свой спосаб, каб перажыць гэта, і вельмі важная падтрымка блізкіх.

Складана было рашыцца нарадзіць яшчэ. Святлана рашылася праз восем год.

− Усім хочацца, каб іх дзеці былі, як ва ўсіх, − прызнаецца жанчына. − Але разумею, інваліднасць − не самае страшнае. Страшна, калі здаровы чалавек робіць рэчы, ад якіх брыдка. Вельмі раняць душу касыя позіркі. Але гэта маё дзіця. Я стараюся яго адаптаваць. Навучыла варыць кашу. Ён чысціць бульбу. Кепска, але чысціць. У цэлым, усё нармальна. Я нават не да канца разумела, наколькі мне важны Пашка. Неяк ён вельмі хацеў працаваць, уладкавала яго. Калі ён быў на працы, мне здавалася, што я як без рук, бо дома ён столькі дапамагае!

Напрыканцы размовы Святлана пажадала ўсім мамам цярпення. І паабяцала, што вы за яго будзеце ўзнагароджаныя.

Як стаць лепшай мамай у свеце – парады псіхолага па выхаванні

Віншуюць дзеці: мая мама “ўся харошая” і “прымушае мяне есці”