10 кастрычніка ў Радашкавічах адбылося грамадска-масавае мерапрыемства з удзелам Міністра па надзвычайных сітуацыях Беларусі генерал-маёра Уладзіміра Вашчанкі.

У ходзе мерапрыемства былі праведзеныя забаўляльныя і навучальныя конкурсы і віктарыны. Мясцовыя школьнікі, якія былі запрошаныя на мерапрыемства, змаглі паказаць свае веды аб правілах бяспечных паводзін.

Дзеці змаглі патушыць полымя з дапамогай вогнетушыцеля, прымераць баявую і ахоўную вопратку выратавальнікаў, а таксама папрацаваць аварыйна-выратавальным інструментам. Міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка пагутарыў з самымі смелымі школьнікамі і адказаў на ўсе пытанні, якія яны яму задалі.

Падчас сустрэчы Уладзімір Вашчанка абмеркаваў з прысутнымі пытанні пажарнай бяспекі, пагутарыў аб папярэджанні надзвычайных сітуацый, а таксама гібелі людзей на пажарах. Ён надаў асаблівую ўвагу гібелі дзяцей, пакінутых дарослымі без нагляду.

На мерапрыемстве прысутнічала сям’я Пастарнакаў, чыё домаўладанне было прызнанае адным з лепшых у мястэчку Радашкавічы. Пры апошнім наведванні домаўладання работнікі МНС пераканаліся, што электраправодка, пячное і газавае ацяпленне ў доме выкананыя ў адпаведнасці з дзеючымі нормамі. У якасці падарунка гаспадару, Пятру Пастарнаку, быў уручаны вогнетушыцель.