Саву, якую ўчора знайшлі на заводзе “Амкадор-Унікаб”, выратаваў супрацоўнік завода Мікалай Кеўліч.

У панядзелак ён выйшаў на двор тэрыторыі завода. Праз некаторы час заўважыў, што ў траве нешта скача. Спачатку не звярнуў на гэта ўвагі, вырашыў што гэта голуб. Потым усё ж такі вырашыў падысці паглядзець бліжэй. У траве скакала савянё. Яно адчайна махала правым крылом, левае крыло распласталася па зямлі і ўвогуле не варушылася.

Забіраць ці не пытанне ў Мікалая не ўзнікла. Канешне, забіраць і ратаваць, інакш маглі саву задушыць каты.

Гаспадар новага гадаванца адразу патэлефанаваў у грамадскую арганізацыю “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Яму там адказалі, што саву забраць не могуць і далі некалькі парадаў, як за ёй даглядаць.

Сёння сава ўжо паснедала сырой курыцай.

Яна зусім не баіцца людзей, толькі ўважліва назірае за новымі гаспадарамі сваімі вялікімі круглымі вачыма.

Параненыя совы ў дзікую прыроду як правіла не вяртаюцца

Так на пытанне, што рабіць са знаходкай, адказала спецыяліст з “Аховы птушак Бацькаўшчыны” Вольга Лукшыц.

У птушак вельмі складаная будова крылаў, таму вельмі маленькая верагоднасць, што яны зажывуць як трэба.

Сава на тэрыторыі завода магла апынуцца па розных прычынах. Цяпер восень, а гэта значыць, што птушкі шукаюць больш цёплае месца жыхарства. Сава магла некуды ляцець і зачапіцца за лінію электраперадач, магла стукнуцца ў шыбу ці ўцякаць ад драпежніка.

Цяпер спецыялісты з “Аховы птушак Бацькаўшчыны” шукаюць саве прытулак у якім-небудзь заапарку або сумленнага гаспадара, які б мог даць прытулак лясному драпежніку.

А людзей, якія раптам знойдуць параненую птушку, просяць таксама пасільна прымаць удзел у іх лёсе. На жаль, не ўсіх птушак ёсць магчымасць у хуткім часе ўладкаваць у заапарк. А без дапамогі чалавека параненай і аслабелай птушцы выжыць вельмі цяжка.