Каманда па міні-футболе політэхнічнага каледжа выйграла абласныя спаборніцтвы.

Яны праходзілі ў Клецку 2 кастрычніка. У іх удзельнічала пяць камандаў: дзве з Салігорска, Нясвіжа, Наваполья і Маладзечна. З усімі камандамі маладзечанцы сыгралі з розніцай у адзін гол, з Салігорскам – у два.

Рыхтаваліся да перамогі з дзяцінства

Як адзначае капітан каманды Антон Галгоўскі, рыхтаваліся юнакі адзін месяц. Трэнер Алег Рыжэвіч заўважае:

– Многія хлопцы займаліся ў дзіцячай юнацкай школе футболам. Трэніравалі іх Андрэй Найдзіч, Аляксандр Гармаза, Віталь Казяк. Таму можна сказаць, што ўжо з дзяцінства юнакі рыхтавалі сябе да перамогі. Чатыры чалавекі з каманды летась перамаглі на рэспубліцы.

У камандзе дзесяць чалавек. Як адзначае трэнер, задаюць настрой навучэнцы трэцяга і чацвертага курсаў.

– У нас ёсць традыцыя, – гаворыць Алег Рыжэвіч. – Каб у складзе каманды быў малады чалавек з рыжымі валасамі. Мы лічым, што менавіта гэтыя хлопцы прыносяць поспех. Летась было нават два рыжыя. Сёлета адзін – Вадзім Заяц.

Як жартуюць члены каманды: “Прыйдзецца фарбаваць валасы, калі ў камандзе не будзе ні аднаго рыжага. Усё дзеля перамогі!”

Тры разы каманда на вобласці атрымлівала першае месца, адзін раз ­– трэцяе. На рэспубліцы два разы займалі другое месца.

Сёлета каманда спадзяецца на перамогу ў рэспубліканскіх спаборніцтвах. Яны пачнуцца ад 21 кастрычніка і скончацца 23.