Пра самыя гучныя крымінальныя справы, пра будні службы крымінальнага вышуку і пра прафесійныя прыкметы следчых – у размове з начальнікам Маладзечанскага РАУС Валянцінам Асіповічам.

Валянцін Пятровіч узначальвае Маладзечанскі аддзел унутраных спраў крыху больш за год. Але і за гэты час у Мала­дзечне здарыліся і ў хуткім часе былі раскрытыя злачынствы, якія мелі шырокі грамадскі рэзананс.

Раскрываюць і справы 6-гадовай даўніны

Дастаткова ўспомніць толькі гісторыю з замініраваннем школ у 2013 годзе. За некалькі гадзін знайшлі зламысніка, які потым патлумачыў супрацоўнікам крымінальнага вышуку, што сваім учынкам хацеў адпомсціць свайму знаёмаму.

У пачатку 2014 года маладзечанцы былі ўзрушаныя серыяй крадзяжоў з гаражоў. У гэты ж перыяд зламыснікі ўгналі чатыры машыны і спалілі іх.  Як высветлілі супрацоўнікі крымінальнага вышуку, злачынствы здзяйснялі трое маладзёнаў, двое з якіх былі да гэтага неаднаразова судзімыя, а ў трэцяга ўдзельніка банды, непаўналетняга хлопца, павінна было нарадзіцца дзіця.

Аўтамабілі – балючы мазоль для супрацоў­нікаў РАУС. Зусім нядаўна ім давялося раскрываць пашкоджанне 35 машын.

Валянцін Асіповіч, успамінаючы самыя гучныя справы, узгадаў і забойства дырэктара рыбгаса “Грыцава”. Тады асобы злачынцаў раскрылі праз тыдзень.

– Зусім нядаўна, прыгадвае начальнік РАУС, – раскрылі справу аб згвалтаванні, якое адбылося шэсць гадоў таму.

Бясследна знікла машына вагой 8 тон

Вядома, у службе крымінальнага вышуку ёсць пакуль нераскрытыя справы. Пра іх Валянцін Асіповіч гаворыць неахвотна, таму што за кожнай такой справай стаяць чалавечыя лёсы.

– Але ёсць сярод нераскрытых і дзіўная справа, – узгадвае Валянцін Пятровіч, –  гэта крадзеж грузавога  аўтамабіля “УРАЛ”. Як машына вагой больш за 8 тон наўпрост знікла з дарогі ў нявызначаным накірунку?!

Што тычыцца будняў крымінальнага вышуку, то асноўная работа супрацоўнікаў – гэта раскрыццё крадзяжоў.

Над самымі гучнымі і часта небяспечнымі для жыцця справамі крымінальнага вышуку працуюць 28 супрацоўнікаў аддзела. Больш за 15 гадоў служаць у аддзеле крымінальнага вышуку Дзмітры Полаз і Ігар Абрамовіч. Іх спецыялізацыя самая складаная. Яны працуюць над раскрыццём злачынстваў, якія былі здзейсненыя супраць асобы чалавека.

Так атрымоўваецца, што пра працу “операў” мы больш ведаем з серыялаў, якія штодзень ідуць па тэлевізары. А ці глядзяць серыялы тыя, хто з’яўляецца іх прататыпам?

– Не, паверце, у нас на рабоце сваіх серыялаў хапае. А часцей за ўсё тое, пра што паказваюць у кіно, у жыцці немагчыма.

– Ці ёсць у вас свае традыцыі ці прафесійныя прыкметы?

– Вядома, ёсць. Але чытачам мы пра іх не раскажам. Гэта, калі хочаце, тайна следства, – жартуе Валянцін Асіповіч.

Сваё прафесійнае свята супрацоўнікі крымінальнага вышуку адзначылі ў першую суботу кастрычніка.