4 кастрычніка прайшло раённае свята “Паклон роднай зямлі” прысвечанае 580-годдзю аграгарадка Хажова.

Хажаўляне сустракалі сваіх гасцей хлебам-соллю, песнямі і прывітальнымі словамі.

Кожная вуліца ўдзельнічала ў аглядзе-конкурсе і падрыхтавала сваю тэатралізаваную прэзентацыю, каб пазнаёміць прысутных з традыцыямі і  асабістым каларытам вёскі Хажова. Чым толькі не здзіўлялі месныя жыхары: спявалі песні, расказвалі вершы, паказвалі інсцэніроўкі, танцавалі, гасцінна запрашалі да сталоў-пачастункаў і віталі гасцей святочнымі салютамі.

Пад калакольны звон, які змяніўся на сярэдневяковую музыку, на плошчу, дзе сабраліся ўсе жыхыры вёскі і госці свята, на імправізаванай карэце выехалі пан з паненкай і распачалі ўрачыстую частку свята. Яны зачыталі прывілейны ўказ ад 1434 года аб падараванні Жыгімонтам, каралём Польскім, Вялікім князем Літоўскім, Прускім, Жамойцкім, Мазавецкім сяла Хажова Судзімонтавічу. Гэты прывілей з’яўляецца бясспрэчным доказам шматгадовай гісторыі Хажоўскай зямлі, якая здаўна славілася сваёй дабрынёй і працавітасцю.  Гасцей з мінулага змяніў на сцэне ўзорны фальклорны ансамбль “Хажаўлянка” з  прывітальным гімнам, у фінале якога, выклікаўшы здзіўленне і захапленне гледачоў, у небе з’явіліся самалёты з расцяжкамі “Са святам, Хажова!”  Гэта віншаванне для хажаўлян падрыхтавала Рэспубліканскае таварыства ўладальнікаў паветраных суднаў і аматараў авіяцыі ўзлётна-пасадачнай паласы Мойсічы.

Знакамітае мястэчка не толькі падзеямі, але і людзьмі, якія жывуць і працуюць на карысць сваёй Радзіме. Віншавалі і ўзнагароджвалі хажаўляне сваіх землякоў: старэйшую жыхарку Яніну Сысун, сям’ю Уладзіміра Свістунова і Соф’і Вараб’ёвай, якія ўжо 55 гадоў жывуць разам, самую маладую сям’ю Ігара і Людмілы Цэнцавіцкіх,  дзве мнагадзетныя сям’і Ткачэнка, ветэрана Вялікай айчыннай вайны Івана Корсікава.

Для самай маладой сям’і, якая нядаўна зарэгістравала шлюб і засталася жыць у аграгарадку, пасля віншавання вакальны ансамбль “Асалода” Раёўскага сельскага Дома культуры правёў абрад “Вароты жадання”. Гэта старадаўні беларускі абрад, які сімвалізуе доўгае і шчаслівае жыццё. Маладыя і госці свята дружна танцавалі вясельную тапатуху. Усе вельмі стараліся, бо нездарма ж кажуць, что чым весялей танцуеш, тым лепш будуць маладыя жыць разам.  Сямью Ткачэнка, ў якой нарадзіўся самы малодшы жыхар вёскі Руслан, вывеў на сцэну бусел, які стаў адказам на пытанне маленькіх удзельнікаў канцэртнай праграмы: “Адкуль бяруцца дзеці?” Да з’яўлення гэтай птушкі дзеці разам з дарослымі старана шукалі дзяцей у капусце. Напрыканцы ўрачыстай часткі падвялі вынікі агляда-конкурса вуліц і ўзнагародзілі падарункамі ўдзельнікаў.