Так лічаць адразу дзве нашы чытачкі, што звярнуліся да нас у рэдакцыю занепакоеныя тым, як па-варварску косяць траву ля дрэў і абразаюць у іх крону.

Чытачка Лія Міхайлаўна заўважыла, што ў гарадскім парку кара лістоўніцы пашкоджаная газонакасілкамі.

Менавіта на тым узроўні, на якім пакошаная трава, кара ў дрэў вельмі пасечаная, быццам яе спецыяльна падразалі.

Пашкоджаная кара – гэта прамая небяспека жыццю дрэва.

– А потым яны здзіўляюцца, што сохнуць дрэвы! – ускліквае наша чытачка.

Паспрабуем знайсці адказ на пытанне, чаму б не скошваць траву на нейкай адлегласці ад дрэў? І ці павінен нехта несці адказнасць за шкоду, якая наносіцца жывой прыро­дзе?

Па каментар да гэтай сітуацыі мы звярнуліся ў Маладзечанскі зелянгас.

Там нам адказалі, што траву косяць кожны год і ні адно дрэва не пашко­джваецца пры гэтым. У гарадскім парку расце каля 1000 дрэў, і гэта проста нерэальна вакол іх выкошваць ці вырываць траву ўручную. А за пашкоджаныя ці засохлыя дрэвы адказнасць ні для каго не прадугледжаная, таму што дрэвы могуць сохнуць па розных прычынах.

Дрэвы сохнуць таму, што старыя

Пра тое, па якой прычыне ў горадзе сохнуць дрэвы і як з гэтым змагаюцца спецыялісты зелянгаса, расказала дырэктар Галіна Саулідзі.

Дрэвы высыхаюць зусім не ад таго, што іх няправільна і неахайна абразаюць. Тым дрэвам, што пасаджаныя ў цэнтральнай частцы горада, ужо больш за 40 і 50 гадоў. Вядома, дрэва старэе, трухнее.

Таму абрэзка дрэў – гэта неабходнасць.

Яна робіцца ў перыяд іх спакою, да пачатку руху соку. Гэта значыць, прыкладна ад сярэдзіны лістапада да красавіка. Спецыяліст адзначыла, што прымяняюцца тры абрэзкі, кожная з якіх мае свае мэты.

Фармовачная абрэзка прызначаная для падтрымання акуратнай формы кроны. Амаладжальная – глыбокая абрэзка. Яна прымяняецца да старых дрэваў. Пасля такой апрацоўкі да восені з’яўляюцца бакавыя галіны, і расліна набывае больш прыгожы выгляд. Санітарную абрэзку робяць па меры таго, як на дрэвах з’яўляюцца сухія або зламаныя галіны. 

Галіна Саулідзі заўважыла, што кожную восень маладзечанскі зелянгас высаджвае прыкладна 500 новых дрэўцаў. Гэтай восенню саджанцаў будзе каля 1000. У Маладзечне з’явяцца маладзенькія клёны, ясені, ліпы, глогі.

Куды звяртацца, каб спілавалі дрэва

– Заяўкі на спілоўванне дрэў у жылых дварах прымаюць у ЖРЭУ па месцы жыхарства. Калі вам перашкаджае дрэва, вы можаце напісаць заяўку, і яе перададуць нам, – кажа Галіна Саулідзі.

Аднак трэба ведаць, што калі побач з вашым домам расце дрэва, якое можа ў любы час рухнуць, пра гэта таксама неабходна паведаміць у зелянгас. Спецыялісты хутка выязджаюць на аварыйнае спілоўванне дрэў.