Ці сапраўды ў жыхароў невялікіх гарадоў няма пачуцця прыгожага? Ці маюць права беларускія скульптары і мастакі на самабытнасць?

Адказы на гэтыя пытанні шукала “Рэгіянальная газета”.

Большасць апытаных намі мінакоў пагадзіліся, што казачныя скульптуры, якія цягам апошніх год усталёўвае вілейская ЖКГ, упрыгожваюць горад. На іх думку, чым больш работ скульптара Валерыя Апарыка будзе ў горадзе,  тым больш цікавай і адметнай будзе Вілейка.

Меркаванне віляйчан:

“Хачу, каб з’явілася скульптура сабакі”

Каля скульптуры “Сава і дзяцел” радасна бегала малая дзяўчынка. Мама паспрабавала яе сфатаграфаваць на ёй. Аднак тая імкнулася пабегчы да сабачкі са скульптуры “Рэпка”. 

– Мне тут надта падабаецца, – з радасцю ў голасе  гаварыла маленькая Саша Мацюшонак. – Яны прыгожыя. Але больш падабаецца сабачка. Я вельмі люблю сабак.

Дзяўчынка расказала, што яна хоча, каб у гора­дзе з’явілася яшчэ скульптура вялікага сабакі.

Аляксандра Узгорак, маладая мама, гаворыць:

– Многія маладыя мамы гуляюць у парку з дзецьмі. І тыя ахвотна хо­дзяць каля скульптур, залазяць на іх. Ніхто яшчэ не спужаўся! Мая дачка, як убачыла новую скульптуру “Сава і  дзяцел”, адразу паляцела да яе. Не адагнаць было! Да іншых скульптур ужо прывыклі, таму да новай большая ўвага.

Ганна Вашынко адзначыла, што ў Вілейцы мала месцаў, куды б можна было схадзіць з дзецьмі, дзе б сапраўды ім было цікава. Таму такіх скульптур павінна быць больш.

Міхаіл Шмялёў, госць з Расіі, адзначыў, што скульптуры вельмі арыгінальныя. І чым больш іх будзе ў Вілейцы, тым лепш. Асабліва цікава будзе дзецям.

Вілейскага скульптара часта крытыкуюць

У №38 ад 19 верасня “РГ” пісала пра новую працу Валерыя Апарыка “Сава і дзяцел”.

Гэта ўжо восьмая работа творцы. Скульптар гаварыў пра тое, што неаднаразова ў яго адрас гучала крытыка. Аднак ён стараецца не звяртаць на гэта ўвагі. “Галоўныя мае крытыкі – дзеці,” – сцвярджае ён.

“Медзведзяняты дэфармуюць пачуццё прыгожага”

Аднак яшчэ адзін каменьчык у агарод віляйчан і вілейскага скульптара кінула карэспандэнтка адной з газет.

У сваім артыкуле яна сцвяр­джае: “Дзіця з мамай прыходзіць пагуляць, напрыклад,  у скверык у цэнтры Вілейкі і бачыць там медзведзянят-зомбі, якіх фарбуюць работнікі жыллёва-камунальнай сферы  ў непрыемна-карычневы колер, з жудаснымі чырвонымі вачамі.

Яно альбо пужаецца назаўсёды, альбо назаўсёды падвяргае дэфармацыі сваё пачуццё прыгожага”.

Аўтар сцвярджае, што ў вялікіх гарадах “откровенного безобразия” стараюцца не дапускаць аддзелы архітэктуры і горадабудаўніцтва.

Яна лічыць – толькі там можна гаварыць “аб дызайне і якой-небудзь мастацкай канцэпцыі, распрацаванай на прафесійным узроўні”.

А ў невялікіх гарадах “эстэтыка навакольнага асяроддзя – справа нераўнадушнай грамадскасці”.

Выпраўленне праблемы карэспандэнтка бачыць у сродках, “якія б дапамаглі ўпрыгожыць усе гарады і вёскі мастацкай коўкай і творамі прафесійных скульптараў. Аднак часцей за ўсё іх проста няма. А прыгажосці паміж іншым хочацца”.

Адной з ілюстрацый да гэтага артыкула карэспандэнтка выбрала скульптуру Валерыя Апа­рыка “Рэпка”.

Меркаванне эксперта

Усе жыццёвыя сцэнарыі мы бяром з казак

Псіхолаг Таццяна Жданава адзначыла:

– Гэтыя скульптуры з вядомых казак. Яны дастаткова пазітыўныя. Напрыклад, скульптура з казкі “Рэпка”. Рэпку выцягваюць усе члены сям’і. Яны трымаюцца адзін за аднаго, таму скульптура вучыць узаемадапамозе.

Псіхолаг адзначае, што ўсё наша жыццё звязанае з казкамі. Многія жыццёвыя сцэнарыі – з іх.

– Сёння дзецям рэдка чытаюць казкі, – адзначае псіхолаг. – Іх даюць праслухоўваць з лічбавах носьбітаў. Але пры гэтым няма кантакту бацькоў з дзіцем.

Яго можна нала­дзіць пры прагулцы ў вілейскім парку. Дзіця спытае пра скульптуру. А дарослыя могуць распавесці пра яе гісторыю самі ці разам з дзіцем.

Любую скульптуру можна назваць агрэсіўнай

Тое, як дзіця ўспрымае скульптуру, залежыць ад таго, як пра яе распавядаюць дарослыя.

– Казка – добры прыклад паводзінаў, – падсумоўвае Таццяна Жданава.

Выказаць сваё меркаванне вы можаце на сайце rh.by.