Памяшканне знаходзіцца па вуліцы Драздовіча, 10, непадалёк ад музычнага каледжа. Тут месціцца дэманстрацыйная зала масажораў.
Паспрабаваць на сабе апаратуру, якая прызначаная здымаць стрэсы, а таксама лячыць захворванні пазваночніка, прыходзяць пераважна пажылыя ці інваліды.
На пляцоўцы перад уваходам у залу чакаюць сеанса жанчыны.
– Гэта для нас адзінае месца, куды мы можам бясплатна прыйсці, атрымаць падтрымку ды паправіць здароўе, – кажа Ніна Жамойдзіна, інвалід 2-й групы. – Горад пра нас, інвалідаў, не думае. Адмысловых мерапрыемстваў для нас няма. Мы сюды з задавальненнем прыходзім пагутарыць.
Жанчыны кажуць, што замест падыхода да будынка ў плане забудовы гэтай часткі горада павінна быць зялёная зона.
– Хоць бы пліты якія паклалі ці засыпалі чым, – кажа яшчэ адна наведніца масажорнай залы Людміла. – Сюды ж шмат хто з кійком ходзіць. Літаральна колькі дзён таму прыходзіў сталы мужчына. Ледзь падняўся, дапамагала яму. Дык яшчэ і нагу падвярнуў. Пасля ледзь ішоў, калі дадому вяртаўся.
Гаспадар мусіць звярнуцца ў “Камунальнік”
Як патлумачыла начальніца вытворча-тэхнічнага аддзела “Камунальніка” Таццяна Паляковіч, праект забудовы распрацоўваўся ў 2011 годзе. На той час у будынку мала што было, таму і не прадугледжваліся падыходы да ўваходаў. Там была прадугледжаная зялёная зона.
Ужо пасля плошчу на другім паверсе арандавала фірма, якая арганізавала там дэманстрацыйную залу масажораў, з’явілася цырульня. І сам гаспадар рабіў падыходы да ўваходаў.
– Сёння там тры ўваходы, заўтра ўласнік захоча зрабіць яшчэ невядома колькі. Што тады? – разважае Таццяна Паляковіч.
Каб вырашыць пытанне з падыходам, спецыяліст раіць ўласніку будынка звярнуцца ў “Камунальнік”. Тады можна разам шукаць выйсце.
– Але ў такім стане падыход пакідаць, вядома, не будзем, – упэўнівае Таццяна Паляковіч.
Капітальны рамонт вуліцы Драздовіча тым часам будзе ісці да канца лістапада.
Ідзём у нагу з часам: рамонт у Смаргоні ў стылі “хай так”