Выклікалі міліцыю, службу МНС і сапёраў. “Бомбу” застаўся сцерагчы жыхар пад’езда, акцёр і рэжысёр Мінскага абласнога драматычнага тэатра Андрыян Барткевіч.
Ён і быў першым, хто заўважыў гэты прадмет.
Прыкладна ў гадзіну дня яны з жонкай вярталіся дамоў. У пад’ездзе і заўважылі металічную скрыню, але прайшлі міма. Праз хвілін дзесяць Андрыян выйшаў на лесвічную пляцоўку.
Побач з падазроным кантэйнерам стаяў яго сусед Аляксандр Маршалковіч. Ён падзяліўся сваімі назіраннямі, што скрыня з іржавага, старога металу, а накрыўка да яе прыкручаная абсалютна новенькімі, быццам толькі з крамы, балтамі.
Аляксандр Маршалковіч прыняў рашэнне выклікаць міліцыю.
Фота Андрыяна Барткевіча
Супрацоўнікі прыехалі ў лічаныя хвіліны. Прайшліся па кватэрах пад’езда, шукалі гаспадара канструкцыі. Падазроная рэч аказалася нічыйнай. Пасля гэтага эвакуявалі жыхароў дома.
Жонка Андрыяна Барткевіча ў гэты час на кухні гатавала абед. Яна спыталася ў мужа, а што ёй рабіць?
Андрыян адказаў:
– Маліся і вары далей!
Але праз хвіліну вырашыў, што ўсё ж такі трэба ратаваць жонку.
На лавачцы ля пад’езда сабраліся жыхары дома. Час быў працоўны, таму ў пад’ездзе аказалася толькі чалавек 15.
Эвакуяваныя жыхары чакаюць ля пад’езда.
Услед за міліцыяй прыехала хуткая дапамога, МНС і ваенныя. Выклікалі сапёраў з Мінска. Яны былі на месцы прыкладна а 16-й гадзіне.
У пад’езд разам з сапёрамі зайшла службовая сабака.
– Сабака панюхала і сказала, што ў скрыні нічога няма, – каментуе акцёр.
Сапёры тады без спецыяльнай тэхнікі наўпрост адкруцілі балты ў скрыні, якая аказалася звычайнай вяндлярняй.
Але гаспадар яе пакуль так і не знайшоўся.
На месца здарэння прыехалі сапёры з сабакамі.
У дзяжурнай службе МНС інфармацыю пацвердзілі.
Фота Андрыяна Барткевіча.
Фота Андрыяна Барткевіча.