Маладзечанец Барыс Харэвіч – вядомы гарманіст. Ён заваяваў Гран-пры на міжнародным фестывалі  “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах, займаў пачэсныя месцы на расійскіх конкурсах.

У інтэрв’ю музыка прыгадае, як ужо ў шэсць год давялося сыграць на вяселлі. Прызнаецца, што яго гармонік каштуе як аўтамабіль. Падзеліцца, ці ўдалося прымяняць музычныя здольнасці на залатых прыісках.

– Як зацікавіліся ігрой на гармоніку?

– Нарадзіўся ў Віцебску. Дзяцінства і юнацтва правёў у Рагачове. Там у шэсць год навучыў іграць на гармоніку дзядзька. Неўзабаве давялося на вяселлі сыграць. Дзядзька навучыў іграць вальс “Дунайскія хвалі”. Прыехалі мы ў вёску.

А там вяселле, гарманіст “сышоў у аўт”. “Хто ўмее іграць?”, – пытаюць. “А во хлопчык іграе”. І мяне пасадзілі. Першае маё баявое хрышчэнне адбылося.

 Потым пачаў займацца ў гуртку Дома піянераў ў Рагачове. Калі там пасля гармоніка пачалі вучыць іграць на баяне, то сапраўдная ломка была: гэта зусім іншы інструмент.

На адным з конкурсаў. Фота забяспечана Барысам Харэвічам.

На адным з конкурсаў. Фота забяспечана Барысам Харэвічам.

– Музычную адукацыю дзе працягнулі?

–  Збіраўся то стаць ветэрынарным доктарам. Але неяк сустрэўся з аднакласніцай Галяй Малашэнкай, якая раней паступіла ў музычнае вучылішча ў Маладзечне (цяпер – каледж імя Агінскага). Так яна распісала, як канцэртамі выступаюць, як возяць іх у філармонію і оперны тэатр.

І ўсё –  доктарам не стаў, перадумаў. Калі закончыў восем класаў – паехаў паступаць у вучылішча. І паняцця не меў, якое аддзяленне выбраць, чым яны адрозніваюцца. Пайшоў на эксперыментальнае аддзяленне: у яго аб’ядналі народнае з харавым. Гэтыя чатыры курсы патрабавалі з нас, як з баяністаў і як харавікоў – ніякіх паблажак. 

Потым паступіў у кансерваторыю ў Мінску.

– Дзе працавалі?

– Пасля арміі ў музычнае вучылішча ў Маладзечне прыйшоў выкладаць. Потым на Поўнач паехаў, больш за 20 гадоў быў дырэктарам музычнай школы ў Якуціі. Вярнуўся ў 1997 годзе. Далей выкладаў у музычнай школе ў Маладзечне, потым быў дырэктарам у Любані Вілейскага раёна. А яшчэ працаваў у Лебедзеве, Палачанах.

Выкладаў баян, акардэон. А ў якуцкім пасёлку – нават сальфеджыа, музычную літаратуру і фартэпіяна, бо не было выкладчыкаў па гэтых прадметах.

 

Выступленне на канцэрце праняло наскрозь

– Так значыць з дзяцінства на гармоніку ўжо не ігралі?

– Толькі эпізадычна, мімаходам. А ў 2004 годзе трапіў у рукі зборнік “Творы буйной формы для гармоніка”. Здзівіўся, што на гармоніку такія рэчы можна іграць. Па-сапраўднаму гармонікам ад 2007 года заняўся.

У Маладзечна прыехаў з канцэртам кампазітар Яўген Дзярбенка з Арла. Прывёз свайго геніяльнага вучня Дзмітрыя Шылава. І калі ён сыграў на канцэрце, мяне праняло наскрозь. Бо звычайна ўяўленне пра гармонік такое: на ім толькі вальсы, полькі, песні іграць.

Пачаў асвойваць. Давялося цяжка, вельмі цяжка. Кожны дзень займаўся ад трох да пяці, часам шасці гадзін. Гэта норма ў мяне захавалася. Працягваю ў такім тэмпе.

 – Ведаю, удзельнічаеце ў міжнародных фестывалях…

– За гэтыя гады прайшоў звыш шасці міжнародных фестываляў і конкурсаў: Ржэў, Самара, Архангельск, Масква…

– І дзе найбольшага поспеху дасягнулі?

– Вельмі прыемна, што летась у Паставах на 16-м міжнародным фестывалі народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” стаў уладальнікам Гран-пры. Туды прыязджаюць музыкі з Прыбалтыкі, Расіі, Украіны і нават з Кітая і Венесуэлы.

У журы сядзяць асы з асаў, узначальвае яго народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец. Калі ўручалі Гран-пры, ён запрасіў сыграць у філармоніі з Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам Беларусі імя Жыновіча.

Паставы, 2013 год. З народным артыстам Беларусі Міхаілам Казінцом. Фота забяспечана Барысам Харэвічам.

Паставы, 2013 год. З народным артыстам Беларусі Міхаілам Казінцом. Фота забяспечана Барысам Харэвічам.

Яшчэ займаў першае месца на міжнародным конкурсе “Іграй, баян” ў Ржэве. Стаў лаўрэатам фестывалю “Гармонік – душа Расіі” ў Маскве. Ён самы прэстыжны ў Расіі.

– Вас ўжо ў журы запрашаюць …

–  Дзярбенка ўключыў у склад журы міжнароднага конкурсу, прысвечанага яго юбілею, “Квітней, арлоўская зямля”. Там пяць чалавек сядзела, усе прафесары, апроч мяне.

– Барыс Пятровіч, што цікавей самому – выступаць ці быць у журы?

–  Мне лепш выступаць самому, чым іншых ацэньваць. Вельмі адказна: можа, раптам канкурсант палічыць, што ты яму занізіў ацэнку, будзе казаць “засудзіў”. Самому выступаць – ты за сябе адказваеш. А тут ты адказваеш не толькі за сваю ацэнку, але і ў нейкай ступені за лёс чалавека, бо там выступалі маладыя людзі. І важна іх заахвоціць.

Барыс Харэвіч з Яўгенам Дзярбенкам. Фота забяспечана Барысам Харэвічам.

Барыс Харэвіч з Яўгенам Дзярбенкам. Фота забяспечана Барысам Харэвічам.

“Музыка дысцыплінуе чалавека”

– У нас у Беларусі гармонік зведзены на ўзровень прызбы. Раней быў настолькі папулярным інструментам за кошт цаны, даступнасці: яго лёгка было асвоіць. Потым гармонік выцеснілі гітары, калектывы эстрадныя.

Узровень выканальніцкі ў Расіі вышэйшы, чым у нас. Нашы самыя моцныя гарманісты блізка не будуць да расійскіх.

Дзякуючы намаганням Яўгена Дзярбенкі ў некаторых гарадах Расіі пачалі адкрываць класы гармоніка. На адной з сустрэч ён параіў: “Чаму б вам не адкрыць школу гарманістаў”. Паспрабаваў у школе мастацтваў у Маладзечне – не атрымалася.

Набраў у вілейскай гімназіі №2 клас гарманістаў. Пачынала больш дзяцей, зараз дзевяць вучняў займаюцца. Па розных прычынах адсейваюцца, хтосьці ў спартыўны накірунак выбірае. Цяпер дзеці загружаныя.

Задаволены тым, што вясной двое вучняў нядрэнна выступілі на міжнародным фестывалі ў Мінску “Гармонік збірае сяброў”.

Цяпер рыхтую дваіх на конкурс “Звіняць цымбалы і гармонік”. Там якраз ёсць намінацыя “Настаўнік і вучань”.

Увогуле, калектыў у гімназіі вельмі дружны. Таму суцэльныя зоркі сабраліся: напрыклад, Міхаіл Ермаковіч, Сяргей Скаражонак, Ірына Новік. А сабраў іх усіх таленавіты кіраўнік – намеснік дырэктара Мікалай Іваненка.

– Ваш рэцэпт: як дзяцей зацікавіць?

– Трэба падбіраць добрую праграму. Абавязковую яркую частку: беларускія мелодыі, каб яны не адрываліся ад каранёў. А яшчэ зацікавіць можна сваім прыкладам. Яны разам са мной іграюць і  цягнуцца за мной.

– На ваш погляд, што музычная адукацыя дае дзецям?

– Найперш, музыка дысцыплінуе чалавека. Фактычна як тая трэніроўка ў спартсмена, толькі тут развіваюцца яшчэ рукі і розум.

Мала таго, за маё жыццё сотні вучняў прайшлі – цьфу-цьфу, ніводнага не было, каб быў звязаны з дрэннымі ўчынкамі. Музыка надае высакароднасць. Хай яна дзяцей хоць трошкі зачэпіць, потым яны сваім нашчадкам веды будуць перадаваць.

Думаю, заняткі музыкай дапамагаюць пашыраць кругагляд, дзеці становяцца больш разумнымі.

Мае вучні перадаюць прывітанні з дапамогай інтэрнэту з Малі, Індыі, Канады, Амерыкі. Адзін вучань некалі ўсё уздыхаў: “Ой, мне цяжка, хачу адпачыць”. А я яму: “Адпачнеш на тым свеце, зараз працаваць трэба”. Дык цяпер ён з Канады піша: “Барыс Пятровіч, вы мне як зрабілі настаўленне ў жыцці, то я зараз шмат працую і багата чаго дабіўся”.

Барыс Харэвіч разам з вілейскім вучнем Дзмітрыем Манчаком. Фота Алеся Высоцкага.

Барыс Харэвіч разам з вілейскім вучнем Дзмітрыем Манчаком. Фота Алеся Высоцкага.

“Гармонік каштуе як аўтамабіль”

– Што ж галоўнае для гарманіста?

– Галоўнае – быць апантаным, захопленым, любіць гэту справу. Вельмі часта выступаю з канцэртамі і бачу, як успрымаюць гледачы. Многія ўстаюць і глядзяць, на чым ён іграе. Думаюць, што гэта баян.

У мяне ўнікальны інструмент, у Беларусі больш ні ў каго няма. У Расіі такія гармонікі – у самых моцных гарманістаў.

 Ён каштуе як аўтамабіль – вядома, не новы. Два гады за яго выплачваў. Тым не менш, ён у мяне ёсць.

 Гармонік спецыяльна распрацаваны ў Туле. Іграць можна практычна ўсё: класіку, джазавыя і эстрадныя кампазіцыі.

Мне адзін чалавек казаў: “Я лепш купіў бы машыну”. Ну, можаш увесь двор заставіць металаломам. І што з гэтага? А я як выйду на сцэну, тысяча чалавек у зале, людзі стаяць, сядзяць у праходах. І яны крычаць “Брава!”.

– Як вы даказваеце, што гармонік прызначаны не толькі на прызбе іграць?

– Дастаткова паслухаць канцэрт, і тады любы зразумее. Многія прыходзяць і кажуць, маўляў, што можна сыграць на двухрадцы? Ва ўсіх спрацоўвае стэрэатып. 

Хачу змяніць стаўленне людзей да гармоніка. На канцэртах паказваю, што можна іграць не толькі вальсы, полькі… Я гэты этап прайшоў. Ён у мяне застаецца ў памяці. Але мяне больш прыцягваюць магчымасці інструмента.  У яго, вядома, ёсць межы. “Палёт чмяля” на ім не сыграеш. Але збольшага можна сыграць многае. На гармоніку выконваюць творы Баха, Моцарта.

– Вашы любімыя творы для гармоніка?

– У мяне праграма на тры-чатыры аддзяленні. Цяжка і выбраць… У апошні час падабаецца “Сыграй, тальяначка”: дзевяць мелодый на ваенныя тэмы.

Падабаецца “Малдаўская фантазія”. Любімых твораў шмат.

– Дзе выступаеце? 

– Мяне запрашаюць музычныя школы, кансерваторыя. Хацелася б і ў Палацы культуры Маладзечна даць канцэрт, але пакуль не ўдаецца.

У Маладзечне пазнаёміўся з першакласным калектывам – цымбальным аркестрам музычнага каледжа і з яго таленавітым кіраўніком Сяргеем Гарбузам. Рыхтуем з гэтым аркестрам чатыры нумары на конкурс у Францыі.

– Якія былі самыя цікавыя ўражанні слухачоў?

– Аднойчы прыходзіць чалавек: “А ці ёсць у вас дыск з запісамі?” Няма. А ён: “А як жа дакажу, што чуў такое. Мне ж не павераць”.

А неяк выступаў у Германіі. Немцы мяне абазвалі “чалавек-камп’ютар”. Пытаюся, чаму. Кажуць: “А ў нас усе, хто прыязджае, па нотах іграюць, а вы дзве гадзіны без перапынку і без нот”. Так вучылі, не магу загарадзіцца ад гледача.

– Што для вас гармонік?

– Для мяне зараз – гэта сэнс майго жыцця. Мне пашчасціла: выпаў шанец, які не ўпусціў. Пазнаёміўся з кампазітарам Яўгенам Дзярбенкам, пачаў з ім перапісвацца, тэлефанаваць. Падарыў столькі нот, а ён толькі для гармоніка напісаў звыш 500 твораў. І большая частка ў мяне ёсць.

– Некалі знакамітая тэлеперадача “Іграй, гармонік” зараз ці выходзіць?

– Так, ідзе кожную суботу. Трэба спадарожнікавая антэна, каб яе глядзець. Калі быў жывы сам Завалокін, гэта была класная перадача.

З вілейскімі вучнямі. Фота забяспечана Барысам Харэвічам.

З вілейскімі вучнямі. Фота забяспечана Барысам Харэвічам.

На прыісках навучыўся разбірацца ў людзях

– У 2005 цэлы год на прыісках на Поўначы працаваў, золата здабываў. Проста трэба было для сям’і зарабіць грошы.

Сказалі, музыканты нам зусім непатрэбныя, ты працаваць прыехаў. Працавалі без выхадных і святаў па 12 гадзін у дзень. Вецер ці дождж, мароз ці спякота – усё роўна.

Тайга вакол, мядзведзі. Прыходзіш да ручая набраць вады, там сляды мядзведзя.

Прыіск –  гэта своеасаблівая школа жыцця. Там такая публіка, людзі розныя, некаторыя па некалькі заходаў у турме адбылі. І за кожнае слова ты павінен адказваць. Перад тым, як нешта сказаць, павінен сур’ёзна  падумаць.

– І як музыканту там ужыцца?

– Там свая прыказка ёсць: “Будзь чалавекам, і людзі да цябе пацягнуцца”. Трэба проста гаварыць і думаць адно і тое. А то ў нас цяпер многія гавораць адно, робяць другое, а ў галаве – зусім трэцяе.

Калі вярнуўся, адчуванні былі такія. Уявіце топку паравоза. Туды кідаюць цурбан з галінкамі. І потым вымаюць. Абгарыць уся шалупіна, уся драбяза. А  стрыжань застаецца. Так і з мяне зляцела шалупіна, і на свет зусім іншымі вачыма стаў глядзець.

Амаль беспамылкова навучыўся разбірацца ў людзях. Раней усё ж многае ідэалізаваў.

– Там усё ж сыграць на гармоніку ці баяне давялося?

–  Прынеслі неяк гармонік ламаны-пераламаны, паловы клавіш няма. Ледзьве на ім сыграеш, але ж мелодыю угадалі – і тое добра.

Па вяртанні думаў, што з музыкай закончыў. Баян прадаў, ноты раздаў. Лёс так павярнуўся, што зацікавіўся гармонікам.

 

“Гармонік – на ўсё далейшае жыццё”

– Баяну вы нашмат больш год прысвяцілі. Але які з двух інструментаў больш любімы?

– Цяпер гармонік. Ён – на ўсе далейшае жыццё.

Прайшоў пры засваенні гармоніку тры этапы. Спачатку іграеш па нотах, а спрацоўвае стэрэатып баяніста. Бачу ноты, а штосьці не тое гучыць.  Пальцы бягуць, а розум яшчэ не спрацоўвае.

А потым быў такі момант. Ведаеце, як бывае ў дзяцінстве: плаваеш, рака шырокая, туман. Ты адплыў –  і  не бачыш іншага берага. Пачынаецца паніка лёгкая, хутчэй назад вярнуцца хочацца. Так і тут. Забываеш прывычкі баяна, а новыя яшчэ не напрацаваліся. А ты пачынаеш панікаваць: а мо забудзеш баян, а на гармоніку іграць не навучышся? Набраўся цярпення, пайшоў наперад. І калі вобразна казаць, выйшаў не тое, што на бераг, а на агромністую гару. Пада мной аблокі і бачу, што ўнізе цэлы акіян. 

Вось так гармонік мяне ўразіў. На ім можна сыграць практычна ўсё.  І пасля гэтага мяне было не спыніць.

– Дзеці, унукі ці маюць схільнасці да музыкі?

– Старэйшая дачка ў музычнай школе на флейце вучылася іграць, малодшая – на акардэоне. Унук Герман у Мінску ў першы клас пайшоў. Вось яму, бачна, перадалося захапленне. Самастойна баян асвойвае – такі малайчына!