Да 1 снежня працягваецца кампанія па вакцынацыі насельніцтва супраць вірусу грыпу.

Пра гэта 24 кастрычніка, у чацвер, на прэс-канферэнцыі паведамілі загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміалогіі і грамадскага здароўя Наталля Шмялёва і кіраўніца Нацыянальнага цэнтра па грыпе Наталля Грыбкова.

18,5% беларусаў прышчапіліся ад вірусу грыпу

Праз высокую зменлівасць вірусу грыпу чалавеку наканавана хварэць на грып пастаянна. Лепшы спосаб абараніць сябе – зрабіць прышчэпку. Ужо 18,5% насельніцтва прышчапіліся ад грыпу, а Міністэрства аховы здароўя плануе, што гэта лічба ў выніку складзе 40%.

Асабліва важна прышчапіцца людзям, для якіх грып уяўляе небяспеку цяжкім цячэннем хваробы і ўскладненнямі. Гэта дзеці, пажылыя людзі і асобы з хранічнымі хваробамі і аслабленым імунітэтам.

Хто можа зрабіць прышчэпку ад грыпу бясплатна

У Беларусі вызначаны спіс груп насельніцтва, якія могуць зрабіць прышчэпку супраць грыпу бясплатна. Да іх адносяцца:

  • дзеці ад 6 месяцаў да 3 гадоў;
  • дзеці ад 3 гадоў і дарослыя з хранічнымі захворваннямі;
  • асобы з імунасупрэсіяй;
  • асобы, старэйшыя за 65 гадоў;
  • цяжарныя жанчыны;
  • медыцынскія работнікі;
  • асобы з кругласутачным знаходжаннем дзяцей і дарослых;
  • работнікі службаў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць і бяспеку грамадства.

Пяць вакцын супраць вірусу грыпу выкарыстоўваюць у краіне

Гэта кітайская “Флюваксін”, расійскія “Грыпол”, “Грыпол Плюс”, “Ультравак”, французская “Ваксігрып” і галандская “Інфлювак”. Усе гэтыя вакцыны якасныя, іх правяраюць непасрэдна ў Беларусі.

Вакцына

Спосаб дзеяння

“Флюваксін”, “Ваксігрып”

Найлепшы імунітэт супраць грыпу развіваюць спліт-вакцыны. Яны ўтрымліваюць раздзелены на складнікі дэактываваны вірус грыпу. Менавіта такімі вакцынамі прышчапляюць людзей з групы рызыкі.

“Ультравак”

Стварае добры імунітэт, але ўтрымлівае аслабленыя жывыя вірусы і па сутнасці выклікае захворванне ў лёгкай форме.

“Грыпол”, “Грыпол Плюс”, “Інфлювак”

Утрымліваюць толькі паверхневыя антыгены вірусаў і з’яўляюцца слабейшымі па сваім эфекце.

Спецыялісты рэкамендуць перад вакцынацыяй пракансультавацца з доктарам, каб упэўніцца ў адсутнасці супрацьпаказанняў і падабраць правільны тып вакцыны.