“Нашымі выпускнікамі можна ўкамплектаваць дзве бальніцы”, – пачынае размову настаўніца гісторыі гімназіі №7 Ірына Сушко.

Настолькі шмат выпускнікоў гімназіі звязалі сваю дзейнасць з медыцынай.

Пахваліцца гісторыяй гімназіі і яе выпускнікамі Ірына Сушко вырашыла невыпадкова. У кастрычніку гімназія №7 адзначае сваё 70-годдзе. Цудоўная нагода ўспомніць самыя яскравыя старонкі гісторыі.

Да юбілейнай даты ў гімназіі часова пачаў працаваць музей гісторыі школы. Стваральнікі музея вырашылі аб’яднаць у адным памяшканні старонкі гісторыі, каб паказаць цяперашнім вучням, што роднай школай можна ганарыцца.

Фотаздымкі, граматы, загады, іншыя дакументы і артэфакты склалі экспазіцыю музея.

Ірына Сушко цяпер праводзіць тут экскурсіі як для вучняў школы, так і для іх бацькоў. Вядома, самыя каштоўныя экспанаты тут  – гэта фотаздымкі, якія збіралі ўсёй школай. Нехта прыносіў здымкі сваіх бацькоў, суседзяў, настаўнікаў. З адным з такіх здымкаў звязаная шчымлівая гісторыя, якую прыгадала экскурсавод.

На фотаздымку 1987 года маці цяперашняй адзі­наццацікласніцы пазнала сябе. Ірэна Селіцкая, так завуць жанчыну, прызналася Ірыне Сушко, што 7-я гімназія значыць для яе вельмі многа. 11 гадоў таму ёй трэба было весці дачку ў школу. А быў перыяд, калі ў гімназіі не набіралі пачатковых класаў. Тады школа была ліцэем. І Ірэна вымушаная была аддаць дачку ў іншую школу. Але 1 верасня прывяла яе на лінейку ў 7-ю. Жанчына стаяла і плакала ад таго, што першы званочак давала не першакласніца і што такой атмасферы, якая панавала ў яе роднай школе, няма нідзе ў свеце.

Школьныя загады за 70 год не змяніліся

З асаблівым гонарам Ірына Сушко расказвае пра стэнд, які прысвечаны выпускнікам гімназіі.

За 70-гадовую гісторыю школа выпусціла каля 3000 чалавек.

Сярод выпускнікоў – артысты, кампазітары, пісьменнікі, вучоныя і, канешне ж, дактары.

– Нашымі выпускнікамі можна ўкамплектаваць дзве бальніцы, столькі дактароў розных спецыяльнасцяў выхавала наша школа! – гаворыць Ірына Сушко. – У 2009 годзе, напрыклад, было 23 выпускнікі, і 22 з іх паступілі ў медыцынскія навучальныя ўстановы.

Самыя старыя экспанаты музея адносяцца да года стварэння школы. На фотаздымках 1944 года першыя вучні і першыя настаўнікі. А першыя загады, падпісаныя тагачасным дырэктарам, адносяцца да 1945 года. У адным з іх было напісана, што прыход на працу за 2-3 хвіліны да званка з’яўляецца грубым дысцыплінарным парушэннем. І самы позні тэрмін, у які павінен прыйсці настаўнік, гэта за 15 хвілін па пачатку ўрока.

Гэты загад чытаем разам з намеснікам дырэктра на навучальнай рабоце Таццянай Буйко. Прачытаўшы, завуч выдае фразу: “А за 70 год нічога ж не змянілася! Мы заўсёды на працы за 15, а то і за 30 хвілін”. 

І тут жа дадае:

– А можа, гэта і добра, што не змянілася тое, што па-ранейшаму ў нашай гімназіі жывуць шматгадовыя традыцыі. Як і 70 гадоў таму тут вучацца і працуюць таленавітыя людзі.