“Рэгіянальная газета” падлічыла, за які час прадстаўнікі розных прафесій змогуць сабраць грошы на ўласную кватэру.

Адно з рэкламных агенцтваў у Маладзечне паведаміла, што аднапакаёвая кватэра каштуе ад 28 да 40 тысяч долараў. А двухпакаёвая − да 55 тысяч долараў. Цана залежыць ад таго, у якім стане кватэра, якога году пабудова, у якім яна раёне.

Атрымліваецца, калі цэны на жыллё і зарплаты будуць стаяць на месцы, настаўніца купіць сабе самую танную аднапакаёвую кватэру за 68 месяцаў. Альбо 5 з паловай гадоў. Будаўнік, адпаведна, 35 месяцаў альбо 2 гады і 8 месяцаў. А праграміст назбірае ўвогуле за 1,5 гады.

Але ўлічвайце, што ў разлік мы не бралі выдаткі на харчаванне, адзенне, камунальныя паслугі. Таму колькасць гадоў, за якія вы збіраеце грошы на куплю жылля, трэба падвоіць. Альбо прытрымлівацца дыеты да таго часу, пакуль ключы ад кватэры не будуць у кішэні.

“На свой заробак не вельмі назбіраеш грошай”

Настаўніца англійскай мовы школы №12 Ганна Тамковіч за верасень зарабіла 3 мільёны 400 тысяч рублёў.

– У мяне 32 працоўныя гадзіны з 36 магчымых, – гаворыць дзяўчына. – Гэта амаль дзве стаўкі. Напэўна, гадоў 20 трэба збіраць грошы, каб купіць кватэру. На свой заробак не вельмі назбіраеш. Таму трэба пад­працоўваць альбо браць рэпетытарства.

Свой заробак дзяўчына траціць на ежу, адзенне і вучобу. Як сама яна прызнаецца, добра, што жыве з бацькамі – яны дапамагаюць. Пакуль  маладой настаўніцы не ўдалося адкласці грошай, аднак яна будзе спрабаваць збіраць на кватэру.

Зімой будаўнікі могуць сядзець без зарплаты

Будаўнікі, якія працуюць у кампаніях альбо самі на сябе, гавораць:

– Летам мы можам зарабіць ад васьмі да дзесяці мільёнаў рублёў за месяц. Зімой жа ўсе будоўлі замарожваюцца, а таму часам нічога не атрымліваем. У сярэднім зімой можна зарабіць ад двух да чатырох мільёнаў рублёў.

Праграміст у Мінску зарабляе каля 30 мільёнаў

Маладзечанец, які працуе праграмістам у Мінску, сказаў, што зарабляе каля 30 мільёнаў рублёў. У асноўным заробак траціць на нанятую кватэру, машыну, ежу і адзенне.

Малады чалавек адзначае, калі грошы ні на што не траціць, то праз пару гадоў зможа набыць кватэру. Аднак пакуль ён не ставіць гэта сабе на мэту.

Горад

1-пакаёвая

2-пакаёвая

3-пакаёвая

Маладзечна

28-40

Да 55

Да 60

Вілейка

Да 30

Да 50

Да 50

Мядзел

Смаргонь

25-27

33-35

43-45

А вось аб’яў прадаць кватэру ў Валожыне, Астраўцы і Ашмянах вельмі мала ў інтэрнэце. Не прапануюць кватэры ў гэтых гарадах і рыэлтарскія  агенцтвы ў Мала­дзечне.

Апошнія расцэнкі на кватэры ў Валожыне можна знайсці за чэрвень. Амаль на ўсіх сайтах паўтараюцца адны і тыя ж аб’явы. Цэны ў іх на 1-пакаёвую і 2-пакаёвую кватэры не адрозніваюцца – 25 тысяч долараў, на трохпакаёвую – 27 і 56 тысяч долараў.

А вось у Астраўцы большасць кватэр не прадаюць, а здаюць на суткі. Гэта звязана з тым, што ідзе будоўля Беларускай атамнай станцыі. Многія прыезджыя шукаюць, дзе танней можна пасяліцца. Дарэчы, ні ў адной прагледжанай намі аб’яве не патрапіліся цэны на аднапакаёвую кватэру. Цэны на двухпакаёвую вагаюцца ад 35 да 40 тысяч долараў. На трохпакаёвую – ад 39 да 50 тысяч долараў.