Ён – ураджэнец Астравеччыны. Родам з вёскі Табарышкі – зараз гэта адна з вуліц пасёлка Гудагай. Цяпер творца жыве і працуе ў Мінску.

Алег Драбышэўскі расказаў мядзяльчанам пра творчы шлях, малую радзіму. Астравеччыне мастак прысвяціў багата карцін. І некаторыя з іх прывёз у Мядзел.

 

Карціна `Чубэйка 50-х`.

Карціна `Чубэйка 50-х`.

На мерапрыемстве ён паказаў менавіта 10 карцін.

– Чаму? – перапытвае. – Сёлета прайшло дзесяць год ад 500-годдзя Будслава. Захацелася нагадаць пра юбілейную дату.

Цікавасць да Будслава пачалася з фэсту

Будслаў і яго святыня – асаблівая старонка ў творчасці мастака. Пачалася яна з наведвання фэсту.

– Прыехаў у Крывічы да сябра Генадзя Скурко, дождж ішоў, – прыгадвае мастак. – Думаю, які ж там фэст будзе? Прыехалі мы ў Будслаў, тут ужо процьма машын.  А дажджу няма. Да трох ночы мы тады былі. І толькі як пераехалі мост праз Сэрвач, зноўку пачаўся дождж. 

Cпачатку мастак напісаў карціну “Будслаўская святыня”.

– Яна з’явілася непасрэдна пасля той працэсіі ўначы, калі было адчуванне, што ў вышыні ёсць такая дабрыня, такое святло.

 Калі мастак рыхтаваўся да выставы, прысвечанай 500-годдзю Будслава, у цэнтры імя Скарыны ў Мінску, вырашыў напісаць яшчэ творы. У выніку з’явіліся карціны “Будслаў” і “Цішыня Сэрвачы”.

Вось якраз твор “Будслаў” Алег Драбышэўскі падараваў музею.

– Толькі што дождж прайшоў, туманчык. Крыжы касцёла быццам насычаныя паветрам і з’яўляюцца як адным цэлым, – апісвае мастак твор. – Карціны – гэта ўсе мае дзеткі. Але ж гэтая нікуды не дзелася: як была, так і ёсць. Толькі цяпер не ў маёй майстэрні, а ў музеі. Гэта яшчэ лепей.

Сустрэча адбылася ў межах мерапрыемства, прысвечанага Тыдню маці. Спяваў тут хор мядзельскага касцёла Маці Божай Шкаплернай.

Напрыканцы сустрэчы Алег Драбышэўскі прапанаваў мядзяльчанам дапамагчы прыдумаць назвы да новых карцін. Да гэтага змогуць далучыцца і нашыя чытачы. У адным з бліжэйшых нумароў пазнаёмім з дзвюма карцінамі, звязанымі з Астравеччынай. І вы зможаце даслаць свае прапановы.