Захаваць рэдкіх для нашага краю рыб у час нерасту ад браканьерства вы можаце, калі далучыцеся да патрулявання некаторых рэк.

Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” запрашае далучыцца неабыякавых валанцёраў да акцыі, якая будзе доўжыцца ад 22 кастрычніка да 15 снежня.

Ласасёвыя кумжа і сёмга прыплываюць у рэкі Астравеччыны з Балтыйскага мора на нераст. Толькі некалькі дзясяткаў рыб пераадольваюць 500 кіламетраў, каб працягнуць свой род тут, у Беларусі.

А галоўная перашкода для іх − чалавек. Тое, што браканьеры здабываюць унікальных рыб, пагражае іх захаванню ў нашай краіне.

Таму так неабходныя валанцёры, якія дапамогуць рыбе атрымаць шанец на паспяховы нераст.

Валанцёры будуць жыць у палатках з печкай

Падчас дзяжурства валанцёры начуюць у палатках з печкай. Арганізатары раюць ехаць мінімум на два-тры дні. Можна прыехаць чыгункай да Гудагая, дзе сустрэне каардынатар. Можна прыехаць машынай у Варняны. Выдаткі могуць кампенсаваць.

Штогод на кожнага валанцёра прыходзіцца мінімум адна кумжа, якая паспяхова зробіць нераст.

Вас чакае дзяжурства каля рэк, патруляванне ў любы час сутак і надвор’е. А таксама чароўная прырода, выдатная кампанія і задавальненне ад таго, што ваша справа дапаможа захаваць ласасёвых у Беларусі.

Ласасёвыя вяртаюцца ў Беларусь

Першы ў краіне інтэрактыўны адукацыйны цэнтр па захаванні ласосяў з’явіцца на Астравеччыне