Аварыя 1985 года. Машына ўехала ў раздзяляльны бардзюр на мосце ўздоўж вуліцы Савецкай (цяпер Віленскай) у бок вуліцы Валынца. Супрацоўнік ДАІ афармляе ДТЗ. Хто ён і дзе сёння, даведвалася “РГ”.

У той жа дзень, як мы змясцілі фота на сайце, адзін з чытачоў напісаў імя і прозвішча супрацоўніка ДАІ на фота. Яшчэ праз колькі дзён адгукнуўся і сам Эдуард Манкус. Цяпер ён працуе выкладчыкам крымінальнага права і крымінальнага працэсу ў Маладзечанскім гандлёва-эканамічным каледжы.

У маі 1985 года яго прызначылі інспектарам дарожна-патрульнай службы ДАІ.

Службовы будынак месціўся тады па вуліцы Кірава (цяпер Грамадоўская). Побач стаяў стэнд “ДАІ інфармуе”, дзе вывешвалі некаторыя здымкі. Фота аварыі, гісторыю якой цяпер захацела аднавіць маладзечанская міліцыя, таксама туды трапіла.

У 80-х у Маладзечне быў круты мост

На згаданую аварыю выехалі намеснік начальніка ДАІ Маладзечанскага ГРАУС Сяргей Рашатнёў разам з Эдуардам Манкусам, які ў той час абслугоўваў два маршруты ў горадзе: праспект Леніна, цяпер Вялікі Гасцінец, і ад праспекта да завода парашковай металургіі.

На мосце, што на фота, кіроўцы часта ўязджалі ў раздзяляльны бардзюр.

– На той час мець такі мост было вельмі крута! – распавядае спадар Эдуард. – Ноччу ён нават міргаў. Не кожны мост у Мінску меў такое абсталяванне. Калі я толькі ўбачыў фота, вырашыў, што на ім Сяргей Рашатнёў. Пасля дзеці паглядзелі, сам колькі разоў аналізаваў і ўсё ж думаю, што гэта я.

На фота бачна, што мужчына высокага росту. Эдуард Манкус ростам1,9 метра. У яго доўгія рукі, таму стандартная верхняя вопратка формы яму заўсёды была крыху караткаватая. Як і на фота, наш герой насіў гадзіннік на левай руцэ. Клаў папку гэтак жа, як і на фота, і ўнутр укладваў жэзл, каб можна было ў любы момант лёгка дастаць.

Эдуард Манкус у сярэдзіне 80-х неаднаразова перамагаў у прафесійных конкурсах вобласці і рэспублікі.

У прафесію ён прыйшоў пасля арміі. Служыць яму давялося ў Рызе ў спецыяльных матарызаваных часцях міліцыі МУС СССР.

– У маладосці хацеў быць артыстам. Ігралі ў двары на гітары. Песні раскладвалі на некалькі партый. Аднак пасля двух гадоў патрульна-паставой службы вырашыў ісці ў міліцыю.

Старшы сын Алег пайшоў па слядах бацькі і скончыў Акадэмію МУС. Даслужыў да капітана юстыцыі, быў следчым. Малодшы ж Артур працуе інжынерам відэамантажу. Жонка, Ірына Сяргееўна, – бухгалтарам.

Як раўнівец уехаў у цягнік і забіў жонку

Самая буйная справа, якую Эдуард Манкус прыгадаў сходу, здарылася напрыканцы 90-х гадоў.

Муж прыраўнаваў жонку. Яна збіралася ехаць на конкурс стылістаў. Ён пасадзіў яе ў машыну і паехаў пад цягнік. Яна загінула, а ён выжыў.

Яму далі каля 15 гадоў пазбаўлення волі.

– Цяжкая справа. Збіралі доказы па драбінках. Ён хацеў, каб гэта засталося “няшчасным выпадкам”, але віну даказалі. Гэтая гісторыя кранула за душу. Таму што ў яго былі дзве дачкі. Старэйшай на той момант было 8 гадоў, а малодшай – два.

У архіве Эдуарда Манкуса ёсць некалькі здымкаў з часоў маладосці, якія распавядаюць пра яго прафесію. Яны былі надрукаваныя ў нямецкай газеце горада Эслінген. У бліжэйшым нумары чакайце гісторыю аднаго з іх.

Раней 10 лістапада адзначалі Дзень савецкай міліцыі. Эдуар Манкус: “Віншую ўсіх супрацоўнікаў і маіх таварышаў па службе, якія ў савецкія гады служылі ў міліцыі і для якіх гэтае свята засталося прафесійным!”

Даведка “РГ”. Эдуард Манкус

У 1983 годзе працаваў кіроўцам дзяжурнай часці ДАІ Маладзечанскага ГРАУС.

У 1985 яго прызначылі інспектарам дарожна-патрульнай службы ДАІ Маладзечанскага ГРАУС.

Пасля паступіў у БДУ імя Леніна (тагачасная назва) на юрыдычны факультэт.

Па заканчэнні пачаў працаваць следчым.

Ад 1998 да 2001 года быў начальнікам Маладзечанскага аддзялення ўпраўлення Следчага камітэта на транспарце пры МУС Беларусі.

Затым – старшым следчым па асабліва важных справах упраўлення СК пры МУС РБ на транспарце.

У 2002 годзе пасля скарачэння пасады пайшоў на пенсію.

у 2008 годзе скончыў БДЭУ і атрымаў спецыяльнасць педагога.

Цяпер працуе выкладчыкам крымінальнага права і крымінальнага працэсу ў Маладзечанскім гандлёва-эканамічным каледжы.